Сусветнаму дню барацьбы са СНІДам, які штогод адзначаецца 1 снежня, прысвяцілі прафілактычныя мерапрыемствы бібліятэкі раёна.
У Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма для вучняў аграрна-тэхнічнага каледжа прайшла інфармацыйная гадзіна «Што ты ведаеш пра СНІД». Таксама перад юнакамі выступіла ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі А.С.Браніцкая.
Вучняў 11 «А» класа сярэдняй школы № 5 Пружанская гарадская бібліятэка запрасіла на дыспут «За крок да ВІЧ/СНІД». Падлеткі не толькі паслухалі даведачную інфармацыю, але і выказалі свае меркаванні па актуальнай тэме.
Кляпацкая сельская бібліятэка сумесна з сельскім Домам культуры зладзілі вечарыну пытанняў і адказаў «СНІД: ці датычыцца гэта цябе?», падчас якой рабяты ўзгадалі аб праявах, перадачы і мерах прафілактыкі захворвання.
Інфармацыйная гадзіна «Злавесны цень над светам» для вучняў 10 – 11 класаў мясцовай сярэдняй школы адбылася ў Ліноўскай сельскай бібліятэцы. Старшакласнікі пачулі шматлікія факты па тэме і замацавалі атрыманыя веды падчас віктарыны. Таксама яны пазнаёміліся з кніжнай паліцай «Вірус, які не ведае межаў».
Вучні 8 класа прынялі ўдзел у размове-дыспуце «Жыццё цудоўнае! Не губі яго!», якую падрыхтавала Магілявецкая сельская бібліятэка. Да сустрэчы была аформлена выстава «ВІЧ/СНІД – ведай і жыві!».
Шарашоўская гарпасялковая бібліятэка правяла для падлеткаў маральна-правовую дыскусію «СНІД: маральна-этычныя і прававыя праблемы».