Кіраўнік – Ільюшонак Аксана Васільеўна
Год стварэння – 1984
Год прысваення звання – 2006
У 1984 г. на базе Пружанскага завода радыёдэталяў Валянціна Іванаўна Іскаліева арганізавала дзіцячы танцавальны калектыў, які спачатку меў назву “Усмешка”. Работнікі завода з задавальненнем прыводзілі сваіх дзяцей на заняткі ў ансамблі. У 1987 г. калектыў стаў лаўрэатам конкурсу мастацкай самадзейнасці аб’яднання “Гипперон” Міністэрства электроннай прамысловасці СССР, які праходзіў у Маскве. Дасягненні маленькіх артыстаў з Беларусі былі адзначаны граматай газеты “Пионерская правда”.
У 2000 г. калектыў стаў працаваць у Пружанскім гарадскім Доме культуры пад кіраўніцтвам былой удзельніцы ансамбля Вольгі Аляксандраўны Серады. У гэты час маленькія танцоры сталі дыпламантамі міжнародных фестываляў у Польшчы “Гайнаўскія сустрэчы” і “Noty przyjazny” (“Ноты сяброўства”), ХХІІ-га фестывалю фальклору ў Люліне.
У 2006 г. калектыў, які стаў называцца “Круцёлачкі”, атрымаў ганаровае званне “ўзорны”.
З 2012 г. ансамблем кіруе харэограф, былая яго ўдзельніца Аксана Васільеўна Ільюшонак.
Узорны ансамбль танца “Круцёлачкі” – адзін са старэшых калектываў Пружанскага гарадскога Палаца культуры па часе стварэння і адзін з самых маладых па складзе ўдзельнікаў. Любоў да народнага танца аб’ядноўвае ў ім вучняў школ горада ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў.
Юныя танцоры з карысцю праводзяць свой вольны час, развіваюць творчыя здольнасці, пазнаюць традыцыі беларускага народа.
Сярод асноўных задач калектыву – атрыманне першапачатковай харэаграфічнай падрыхтоўкі, знаёмства з элементамі музычнай і сцэнічнай граматы, развіццё артыстычных здольнасцей, далучэнне да культурнай спадчыны Бацькаўшчыны.
Пры ансамблі працуе падрыхтоўчая група, у якой займаюцца дзеці ва ўзросце 4 – 8 гадоў, якія потым пераходзяць у асноўны склад узорнага калектыву.
Аснова рэпертуару ансамбля – беларускія народныя танцы, фальклорныя харэаграфічныя пастаноўкі і кампазіцыі.
Калектыў вядзе канцэртную дзейнасць, выступае на сцэнічных пляцоўках школ, клубаў, прадпрыемстваў раёна і вобласці, у Рэспубліцы Польшча.
Штогод юныя артысты прадстаўляюць сваё майстэрства на раённым фестывалі дзіцячай творчасці “Лестница успеха”. Яны станавіліся дыпламантамі ІІІ рэспубліканскага агляду-конкурсу “Здравствуй мир” (г.Брэст, 2015), рэгіянальнага конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Магія танца” (г.Пружаны, 2018). На IX адкрытым фестывалі мастацтваў “Хрустальная лира” (г.Мінск, 2019) калектыў атрымаў два першыя месцы ў розных узроставых катэгорыях. У 2020 г. “Круцёлачкі” удзельнічалі ў міжнародным конкурсе-фестывалі харэаграфічнага майстэрства “Славянские самоцветы” (г.Мінск), дзе падрыхтоўчая група ансамбля стала дыпламантам I-й ступені, а асноўны склад – лаўрэатам II-й ступені. У 2022 г. калектыў заняў 1-е і 2-е месцы ў намінацыі “Народны танец, стылізацыя народнага танца” на фестывалі харэаграфічнага мастацтва «Dance Star» (г.Мінск). За высокі выканаўчы ўзровень і майстэрства калектыў неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама.
У 2024 г. ансамбль атрымаў дыпломы лаўрэатаў І і ІІ ступеняў IX Міжнароднага фестывалю-конкурсу харэаграфічнага мастацтва “Зажги свою звезду” (г.Мінск)