Узорная студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва
«Шклінка-маляванка»
Пружанскага гарадскога Палаца культуры

Кіраўнік – Волчык Вера Віктараўна
Год стварэння – 2006
Год прысваення звання – 2018

Заснавальнікам студыі «Шклінка-маляванка» з’яўляецца Марыя Мікалаеўна Кулецкая – Народны майстар Рэспублікі Беларусь, сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, Брэсцкага абласнога клуба народнай творчасці «Скарб», грамадскага аб’яднання аматараў мастацтва рэгіёна «Белавежская пушча» і Брэстчыны «ТУР», якая адрадзіла на Пружаншчыне самабытную мастацкую тэхніку «роспіс па шкле».

Студыю наведваюць вучні школ горада ва ўзросце ад 7 да 13 гадоў. Яны авалодваюць тэхнікамі малявання, вучацца працаваць з рознымі фарбамі і матэрыяламі, знаёмяцца з відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і традыцыямі Пружаншчыны, далучаюцца да беларускай народнай спадчыны, з карысцю праводзяць вольны час.

Памяшканне студыі аформлена лепшымі работамі яе ўдзельнікаў – роспісы па шкле, ткацтва, вышыўкі, пляценне, выцінанкі і інш. Працуе выстава-продаж эка-торбаў.

Удзельнікі студыі неаднаразова прадстаўлялі сваю творчасць на тэматычных выставах, гарадскіх, раённых і абласных мерапрыемствах, праводзілі майстар-класы.

Штогод на свяце «Лесвіца поспеху», прымеркаваным да Міжнароднага дня абароны дзяцей, узорная студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Шклінка-маляванка» ладзіць справаздачную выставу. Студыя неаднаразова ўдзельнічала ў выставах у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык».