«Узаемаразуменне» на «Сцежках Язэпа Драздовіча»

«Сцежкамі Язэпа Драздовіча» – такую назву носіць мастацкая выстава, якая 8 ліпеня 2022 года ўрачыста адкрылася ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык».

Гледачам прадстаўлена 13 жывапісных работ удзельніц творчай майстэрні «Мой звыклы новы дом» і каардынатара праекта «Скажам адзіноце – не!» Аксаны Чутцавай. Творчая майстэрня з’яўляецца часткай праекта міжнароднага грамадскага аб’яднання «Узаемаразумене», якое ставіць мэтай сацыяльную падтрымку людзей ваеннага пакалення і іншых малаабароненых катэгорый грамадзян.

Удзельнікі грамадскага аб’яднання – гэта актыўныя людзі «залатога» ўзросту, якія перажылі ваеннае ліхалецце, жахі  фашысцкіх канцлагераў і паднявольнай працы, цяжкія пасляваенныя гады. Нераўнадушныя жанчыны, а менавіта яны прысутнічалі на адкрыцці выставы, захапляюцца мастацтвам і стваральнай працай, удзельнічаюць у валанцёрскім руху, сустракаюцца з рознымі аўдыторыямі і дзеляцца сваімі ўспамінамі і планамі.

На прэзентацыю выставы прыйшлі прадстаўнікі райвыканкама, прафсаюзных арганізацый, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які таксама рэалізуе з грамадскім аб’яднаннем сумесны праект, жыхары горада. Са словамі прывітання да прысутных звярнуліся старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб’яднання «Узаемаразуменне» Анжаліка Аношка, галоўны спецыяліст аддзела культуры Наталля Пракаповіч, дырэктар музея Ангеліна Маруфенка і Народны майстар Рэспублікі Беларусь Марыя Кулецкая, якая падаравала аб’яднанню сваю работу. Успамінамі і творчым вопытам падзяліліся ўдзельніцы праекта Валянціна Дземяшкевіч, Вольга Сярогіна і Леаніла Ушакова.

Выставачны праект, які прадстаўнікі міжнароднага грамадскага аб’яднання адкрылі ў «палацыку», – гэта вынік мастацкіх пошукаў пад ўздзеяннем творчасці Язэпа Драздовіча – адной з самых незвычайных асоб беларускай культуры. Натхнёныя работамі гэтага самабытнага беларускага майстра першай паловы ХХ ст., мастачкі стварылі свой свет, адлюстраваны на палотнах, – эмацыянальны, пяшчотны, рознакаляровы, які знаходзіць водгук у душы гледачоў.

Дарэчы, удзельніцы міжнароднага аб’яднання знаходзіліся на Пружаншчыне некалькі дзён. Акрамя адкрыцця выставы і знаёмства з музеем-сядзібай яны правялі мастацкі пленэр у гарадскім парку, дзе да іх далучыліся юныя мастакі з дзіцячай школы мастацтваў, наведвальнікі тэрытарыяльнага цэнтра і ўсе жадаючыя.

Дзейнасць, якую вядуць сябры аб’яднання, з’яўляецца прыкладам творчай самарэалізацыі людзей «трэцяга» ўзросту, дае магчымасць убачыць свет вачыма пакалення, да долю якога выпалі вялікія выпрабаванні і няпростыя лёсы.

Выстава работ удзельнікаў праекта міжнароднага грамадскага аб’яднання «Узаемаразуменне» «Сцежкамі Язэпа Драздовіча» будзе працаваць у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» на працягу ліпеня – жніўня 2022 года.

Паглядзець рэпартаж аб пленэры і выставе можна тут: https://www.youtube.com/watch?v=GBUMvwhfcyQ

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий