У Ружанах працуе мастацкая выстава «Сузіранне»

У пачатку кастрычніка ў Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў урачыста адкрылася мастацкая выстава «Сузіранне», на якой прадстаўлены палотны мастака Мікалая Чалея (г.Бяроза).

Яго ўлюбёным жанрам з’яўляецца пейзаж. Мастака натхняюць творы Ю.Клевера і І.Шышкіна. Разам з краявідамі беларускай прыроды М.Чалей выяўляе помнікі мясцовай архітэктуры. Таксама звяртаюць на сябе ўвагу партрэты і працы адносна новага для мастака жанру – батальнага.

Мікалай Чалей не мае прафесійнай мастацкай адукацыі, але яго талент, густ і ўпартасць дазваляюць ствараць сапраўдную прыгажосць, зразумелую шырокаму колу гледачоў.

Яшчэ ў дзяцінстве ён захапіўся маляваннем. Яму падабалася з дапамогай алоўкаў і папяровага аркуша захоўваць моманты прагажосці зменлівага свету прыроды. Штуршком для далейшага развіцця стала вучоба ў Дывінскай школе-інтэрнаце Кобрынскага раёна. Удзел у выставах і розных конкурсах, першыя ўзнагароды сталі стымулам для яго самаўдасканалення.

Пасля заканчэння школы Мікалай абраў прафесію будаўніка, але не адмовіўся ад свайго захаплення – у вольны час маляваў партрэты і карыкатуры.

Лёсавызначальнымі для М.Чалея сталі сустрэчы з прафесійнымі мастакамі, якія падказалі як развіваць талент, далі важныя парады. Ён ужо ўдзельнічаў ў некалькіх выставачных праектах у Пружанах і Бярозе, у планах – новыя прэзентацыі сваёй творчасці.

Падтрымаць Мікалая Чалея на адкрыцці выставы ў Ружанах прыехалі вядомыя мастакі-калегі – Яўген Іваноў і Мікалай Казак.

Выстава «Сузіранне» будзе працаваць у Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў да канца лістапада 2022 года.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий