Праграма святкавання Дня Перамогі ў Пружанах была даволі насычанай.
Каля брацкай магілы на гарадскіх могілках адбыўся мітынг. На ім прысутнічалі прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, органаў улады, моладзь. Яны прыйшлі, каб пакланіцца памяці савецкіх воінаў і партызан, якія аддалі свае жыцці дзеля перамогі над фашызмам. Да прысутных звярнуліся старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, старшыня пярвічнай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” цэнтральнай раённай бальніцы Марыя Грышкевіч, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Уладзімір Яцкевіч, настаяцель храма Праабражэння Гасподняга Ігар Мрыхін.
Падчас шматлюднага святочнага шэсця, якое прайшло па вуліцах горада, наперадзе калоны рухаліся ўдзельнікі акцыі “Беларусь памятае” з партрэтамі воінаў-землякоў і народны духавы аркестр (кір. Віктар Матчэня).
Каля помніка спаленым вёскам таксама адбыўся ўрачысты мітынг, на якім выступілі старшыня Пружанскага райвыканкама Юрый Бісун, ветэран вайны Іван Алякумаў, благачынны цэркваў раёна Міхаіл Носка.
Далей святкаванне Дня Перамогі перамясцілася ў гарадскі парк, дзе на сцэне амфітэатра была прадстаўлена канцэртная праграма “Война! Победа! Память!”. У ёй прынялі ўдзел: народны хор ветэранаў вайны і працы “Чырвоны гваздзік” (кір. Юлія Пропер), узорны ансамбль народнага танца “Круцёлачкі” (кір. Аксана Ільюшонак), салісты ўзорнай эстраднай студыі “Меладзін” (кір. Эўгеніюс Валанчус) і гарадскога Палаца культуры – Улляна Кунда, Ангеліна Шумская, Лізавета Горбань, Таццяна Сёмуха, Наталля Ярмоленка, Кацярына Цяжолава, тэатр дзіцячага танца “Топотушки”. Жадаючыя маглі наведаць “Горад майстроў”, дзе свае творы прадставілі рамеснікі горада і раёна, а таксама паспяваць песні ваенных часоў у “Караоке-клубе” пад акампанемент баяніста Міхаіла Шайнюка. Дзеці не толкі бавілі час на атракцыёнах, але і ўдзельнічалі ў займальных гульнях і вясёлых стартах.
У вячэрняй праграме на галоўнай гарадской сцэне прайшла музычна-эстрадная праграма “Мірны май”. Гледачы убачылі выступленні калектываў гарадскога Палаца культуры – народнай арт-групы “Родники” (кір. Алёна Лосева), народнай вакальнай групы “2+2” (кір. Аляксандр Котаў), народнага ансамбля танца “Спадчына” (кір. Валянціна Іскаліева), узорнага ансамбля эстраднага танца “Рубікон” (кір. Святлана Салавей), народнага духавога аркестра, студыі сучаснага танца “Амелі”, вакальнай групы “Жамчужыны”, а таксама народнага ансамбля “Землякі” (кір. Аляксандр Мяшэчка) Новазасімавіцкага сельскага Дома культуры, вакальных груп “Клепачанка” і “Дзявічнік”, вучняў харэаграфічнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны.