У Пружанах адзначылі 9 Мая

Праграма святкавання Дня Перамогі ў Пружанах была насычанай і разнастайнай. Вялікую ролю ў яе арганізацыі і правядзенні адыгралі ўстановы культуры раёна.

Пружанскі гарадскі Палац культуры падрыхтаваў памятны мітынг «Вечная слава героям!» каля брацкай магілы на гарадскіх могілках. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх арганізацый, вучнёўскіх і працоўных калектываў. Да прысутных звярнуліся старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў У.А.Яцкевіч, ваенны камісар раёна К.У.Шаўчэнка, настаяцель храма Праабражэння Гасподняга І.А.Мрыхін, якія гаварылі аб неабходнасці захоўваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне і шанаваць мір.

Па вуліцах горада прайшла ўрачыстая калона працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый. Па шляху руху калоны, якую ўзначальваў народны духавы аркестр, яе сустракалі канцэртныя пляцоўкі каля кінатэатра «Спадарожнік» і Палаца культуры. Канчатковай кропкай святочнага шэсця стаў помнік спаленым вескам, дзе адбыўся мітынг «Я памятаю! Я ганаруся!», падрыхтаваны гарадскім Палацам культуры. З віншавальным словам да ўдзельнікаў мітынгу звярнуліся старшыня райвыканкама М.М.Грышкевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Пружанскай выбарчай акрузе № 9 Ю.І.Наркевіч, першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» У.В.Апаляйчук, благачынны цэркваў раёна М.М.Носка.

Святочныя мерапрыемствы прадоўжыла канцэртная праграма «Мы сустракаем Дзень Перамогі!». На сцэне у парку свае творыя нумары прадставілі народны вокальны гурт «МакSімум», тэатр дзіцячага танца «Тапатушкі», узорны ансамбль эстраднага танца «Рубікон», народны ансамбль танца «Спадчына», народный хор ветэранаў вайны і працы «Чырвоны гваздзік», узорная эстрадная студыя «Меладзін», салісты гарадскога Палаца культуры, а таксама Новазасімавіцкага, Слабудскога і Мокраўскага сельскіх Дамоў культуры, вучні і педагогі дзіцячых школ мастацтваў г.Пружаны і аг.Лінова. Працавалі майстар-класы, фотазоны, забаўляльныя праграмы. Пружанская цэнтральная раённая бібліятэка прадставіла ў парку кніжную выставу, прымеркаваную да Дня Перамогі. На працягу дня ўсе жадаючыя маглі бясплатна наведаць музей-сядзібу «Пружанскі палацык» і сеанс у кінатэатры «Спадарожнік».

 Вячэрняя праграма «Пад мірным небам Беларусі!» прайшла на гарадской плошчы. Яе пачаў вакальна-інструментальны ансамбль «Свабодны стыль» Ваўкавыскага гарадскога Дома культуры. Завяршальным акордам  свята стаў канцэрт арт-гурту «Беларусы» і салют.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий