У Новы год – з новай кнігай

Працягваюцца цікавыя святочныя мерапрыемствы для чытачоў бібліятэк раёна.

У Новазасімавіцкай сельскай бібліятэцы прайшла гульнявая гадзіна «Як у нашых у ворот добры стары Новы год!» для вучняў 7 класаў Параслянскай сярэдняй школы. Рабяты пазнаёміліся з гэтым незвычайным днём, яго абрадамі, звычаямі, традыцыямі, прыкметамі, паўдзельнічалі ў віктарыне «З гісторыі Новага года» і пагулялі.

Навасёлкаўская сельская бібліятэка разам з сельскім Домам культуры для рабят групы падоўжанага дня мясцовай сярэдняй школы правяла віктарыну «Любімыя казкі Дзеда Мароза».

Дзіцячае свята «Навагоднія вячоркі» зладзіла Ружанская гарпасялковая бібліятэка. Юныя чытачы паспаборнічалі ў розных конкурсах – жартоўных і інтэлектуальных.

У Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма прайшла духоўна-маральная гадзіна роздумаў «Моц дабрыні». На прыкладзе міласэрнасці вядомых людзей вучні 9 «Б» класа сярэдняй школы № 1 паразважалі аб гэтай важнай якасці. Да размовы далучыўся святар храма святога благавернага князя Аляксандра Неўскага Дзіянісій Папоў. А дзіцяча-юнацкі аддзел раённай бібліятэкі запрасіў вучняў 2 «А» і 2 «В» сярэдняй школы № 1 на забаўляльны квэст «Навагодні каламбур».

Гульнявая праграма «Час вясёлых задум» адбылася ў Калядзіцкай сельскай бібліятэцы. Падчас яе рабяты выканалі цікавыя заданні. Таксама дзеці пазнаёміліся з кніжнай выставай да юбілею Пружанскага раёна.

Бібліясустрэча для дарослай аўдыторыі «З новай кнігай у Новы год» прайшла ў Слабудской сельскай бібліятэцы. Падчас яе былі падведзены вынікі мінулага года і адзначаны самыя актыўныя чытачы. Таксама быў прапанаваны бібліяквілт «Раю прачытаць», жартоўная літаратурная віктарына і анкета для вывучэння чытальніцкага попыту.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий