Вучні Новазасімавіцкай дзіцячай школы мастацтваў пачалі год з паспяховых выступленняў на розных конкурсах.
Шэраг узнагарод атрымалі юныя музыканты, якія прадставілі сваю творчасць на Міжнародным конкурсе-фестывалі «Всё начинается с мечты» (г.Санкт-Пецярбург). У намінацыі «Інструментальнае выканальніцтва» ў катэгорыі (11 – 13 год) Дар’я Кот і Кірыл Літвінчук (скрыпка) сталі Лаўрэатамі I ступені. У намінацыі «Інструментальны ансамбль» ансамбль скрыпачоў «Экспромт» у складзе Ксеніі Клім і Дар’і Кот быў узнагароджаны Дыпломам Лаўрэата I ступені. Да выдатнага выступлення рабят падрыхтавалі настаўнік Дзіна Алегаўна Драпко і канцэртмайстар Таццяна Пятроўна Яўстраценка.
Вучаніца выпускнога класа Жасмін Гумінская (цымбалы) стала Лаўрэатам I ступені. Яна рыхтавалася да выступлення пад кіраўніцтвам настаўніка Ірыны Леанідаўны Гуц і канцэртмайстра Т.П.Яўстраценка.
Піяністы Ксенія Назарава, Ганна Валюшка і Аляксандра Базыльян, якія вучацца ў настаўніка Т.П.Яўстраценка, сталі Лаўрэатамі I ступені.
А ў г.Ліда адбыўся VIII Міжнародны конкурс мастацтваў «Ключ да таленту». Вучаніца 6 класа фартэпіяна Ганна Валюшка ў катэгорыі «Інструментальнае выканальніцтва» (узроставая катэгорыя 11 – 12 год) стала Лаўрэатам III ступені.
Віншуем! Жадаем скарыць новыя творчыя вяршыні!