Такі разнастайны май

На мінулым тыдні ўстановы культуры прапанавалі разнастайны адпачынак і карысныя справы. Прычым яны не толькі запрашалі да сябе, але і самі ішлі ў госці.

Аматарскае аб’яднанне “Яшчэ не вечар” Белавусаўшчынскага сельскага Дома культуры выступіла з канцэртнай праграмай у Варанілавіцкай сельскай бібліятэцы-клубе. Вяскоўцы з задавальненнем паслухалі песні, байкі, вершы ў выкананні самадзейных артыстаў. Апасля ўдзельнікі калектыву наведалі Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў. 

У Рудніцкім сельскім клубе-бібліятэцы прайшоў урок духоўнасці “Моц любові”. На мерапрыемстве прысутнічаў настаяцель мясцовага храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы Анатоль Кавальскі, які расказаў аб ролі сям’і. Прысутныя мелі магчымасць задаць пытанні святару, а таксама даведацца гісторыі любові і вернасці святых. 

Не забываліся клубныя ўстановы і аб прафілактыцы шкодных звычак. Вялікасельскі сельскі Дом культуры разам з медыцынскім работнікам правёў для старшакласнікаў інфармацыйны марафон “Формула здароўя”. Рабятам паведамілі аб колькасці людзей, якія згодна статыстыцы злоўжываюць цыгарэтамі, і расказалі аб хваробах, якія выклікае паленне. Юнакі і дзяўчаты адказалі на пытанні віктарыны, праверылі сваё здароўе і далі адпор цыгарэтам, станцаваўшы на іх рок-н-рол.

Шарашоўскі цэнтра культуры і вольнага часу наведаў групу падоўжанага дня ў мясцовай сярэдняй школе. Работнікі культуры правялі для дзяцей спартыўна-забаўляльную праграму на свежым паветры.

А вакальны гурт “Забава” аўтаклуба павіншаваў юбіляраў. Шчырыя словы і музычныя падарункі прымалі Ганна Уладзіміраўна Хадаровіч, якая шмат гадоў была карэспандэнтам газеты “Раённыя будні”, і Валянціна Антонаўна Каробка, працоўная біяграфія якой звязана з дзіцячай школай мастацтваў і хорам ветэранаў “Чырвоны гваздзік”.  

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий