Сёння спаўняецца 92 гады з дня нараджэння Мікалая Васільевіча Тарасюка – Народнага майстра Рэспублікі Беларусь, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. З гэтай нагоды ў Пружанскім палацыку адкрылася выстава “Сялянскае жыццё ў творах Мікалая Тарасюка”.
На выставе прадстаўлена 30 кампазіцый майстра, выкананых у тэхніцы разьбы па дрэве, якія расказваюць пра жыццё беларускага сялянства. Гэтыя творы – сапраўдная сялянская энцыклапедыя, мастацкі аповед аб гаспадары, які спрадвеку працуе на роднай зямлі, каб працягвалася жыццё.
Цэнтральнае месца на выставе займаюць некалькі кампазіцый на тэму “Вяселле”. Менавіта з вяселля пачынаецца жыццё гаспадара, гэта падзея, якая вызначае яго далейшы шлях. Побач з вясельнымі сцэнамі размешчана кампазіцыя “Будоўля хаты”. Пасля вяселля для гаспадара найважнейшы клопат – пабудова ўласнай жытла. А разам з хатай будуецца новая сялянская сям’я.
На выставе шмат кампазіцый, якія прадстаўляюць разнастайныя карціны штодзённай сялянскай працы – “Ворыва”, “Сяўба”, “Стог сена”… Чалавек апрацоўвае зямлю, каб атрымаць хлеб, які з’яўляецца сэнсам і вынікам яго сялянскай працы. Таму кампазіцыя “Млынарскі двор” нібы замыкае сабой у адзінае кола ўсе папярэднія кампазіцыі на тэму земляробчай працы.
Асобна на выставе змешчаны кампазіцыі, на якіх паказана жаночая праца. Работа сялянкі – апрацоўка лёну, прадзенне і ткацтва, гатаванне ежы, выхаванне дзяцей і шмат іншых спраў.
Не бывае працы без свята, а свята без працы. Таму на выставе знайшлося месца творам на тэму вясковых гулянняў.
Запрашаем усіх апынуцца ў незвычайным свеце сялянскага жыцця, наведаўшы выставу твораў Міколы Тарсюка ў Пружанскім палацыку. Падрабязней аб майстры можна даведацца тут