Свята юных музыкантаў

На мінулым тыдні ў дзяржаўнай установе адукацыі «Ліноўская дзіцячая школа мастацтваў» адбылося традыцыйнае свята «Пасвячэнне ў юныя музыканты».

Дзесяць першакласнікаў пачалі вучыцца ва ўстанове з пачатку гэтага навучальнага года. Яны паспяхова прайшлі ўступныя выпрабаванні і добра асвойваюць праграму ўжо амаль паўгода. Разам са старэйшымі таварышамі і педагогамі юныя музыканты падрыхтавалі прыгожую канцэртную праграму, якую прадставілі шматлікім гледачам.

Падчас мерапрыемства на сцэне разгарнулася казачнае прадстаўленне, у якім у ролі акцёраў выступілі вучні школы. Разам з персанажамі казак прысутныя здзейснілі неверагоднае падарожжа ў чароўную краіну музыкі, пачулі выдатныя нумары ў выкананні сталых калектываў і салістаў школы мастацтваў. Яркай старонкай свята стаў дэбют першакласнікаў, якія прадэманстравалі свае навыкі, веды і здольнасці.

Кульмінацыяй мерапрыемства была клятва юных музыкантаў, якія паабяцалі выдатна вучыцца і асвойваць ігру на музычных інструментах.

Сцэнарыстам і вядучай свята юных музыкантаў у Ліноўскай дзіцячай школе мастацтваў выступіла педагог Наталля Нікітчык.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий