Свята Вялічка з чырвоным яечкам

22 красавіка ў Пружанскім гарадскім Палацы культуры адбылося тэатралізаванае прадстаўленне “Свята Вялічка з чырвоным яечкам”. Гледачы, якія наведалі мерапрыемства, убачылі ўвасабленне шэрагу традыцый свята Вялікадня на Пружаншчыне. Яны акунуліся ў атмасферу традыцыйнага абраду з мясцовымі асаблівасцямі і разам з артыстамі адчулі своеасаблівы подых мінулага. Стылізаваныя дэкарацыі, народныя стравы і касцюмы садзейнічалі эмацыянальнаму ўспрыманню ўсяго, што адбывалася на сцэне. У тэатралізаванай пастаноўцы прынялі ўдзел работнікі Палаца культуры – Вячаслаў Краўчук, Таццяна Навінка, Арына Ро, Ганна Жук і Юлія Пропер, а таксама хлопчыкі і дзяўчынкі з аматарскага аб’яднання “Карагод” пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела традыцыйнай культуры Вольгі Гардзейчык, якая падрыхтавала гэта святочнае прадстаўленне. Для рабят, дарэчы, гэта было дэбютнае выступленне. Яны паказалі велікодны абрад “Валачобнікі валачыліся”.  На падзеі прысутнічаў святар храма святога благавернага князя Аляксандра Неўскага г.Пружаны Дзіянісій Папоў, які звярнуўся да ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства са словам віншавання з нагоды вялікага хрысціянскага свята.Акрамя знаёмства з велікоднымі традыцыямі, наведвальікі ўстановы культуры ўбачылі выставу работ удзельнікаў студыі дэкаратыўна прыкладнога мастацтва “Вытокі” (кіраўнік Святлана Тагіева) і ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Шклінка-маляванка” (кіраўнік Вера Волчык).

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий