Шэраг святочных праграм да Дня жанчын падрыхтаваў Кляпацкі сельскі Дом культуры. Калектывы аматарскай творчасці выступілі ў Брэсцкай абласной псіхіятрычнай бальніцы «Малілёўцы», філіяле «Пружанскія электрасеткі» і Калазубскім сельскім клубе-бібліятэцы. Вялікі канцэрт «Дарыце жанчынам кветкі» адбыўся ў самой клубнай установе, у якім таксама прадставілі нумары вучні дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы.
Навасёлкаўскі сельскі Дом культуры запрасіў на канцэрт «Усё для цябе». Сваімі песнямі гледачоў парадавалі ўдзельнікі гуртка сольных спеваў «Мелодыка» і асобныя выканаўцы.
Віншавальны канцэрт «Ах, якія жанчыны» прайшоў у Рудніцкім сельскім клубе-бібліятэцы. Работнікі ўстановы таксама зладзілі індывідуальныя віншаванні на працоўных месцах і завіталі да жанчын-ветэранаў працы ў в.Баравікі.
Ружанскі цэнтр культуры і вольнага часу далучыўся да віншаванняў жанчын – работніц ААТ «Ружаны-Агра», падараваўшы выдатныя песні і добры настрой. Таксама ў клубнай установе прайшла маладзёжная конкурсная праграма «Класныя дзяўчаты».