Свята ў Пацынічах

23 ліпеня адбылося свята вёскі Пацынічы, якое арганізавалі Шарашоўскі сельвыканкам, стараста вёскі і Пружанскі аўтаклуб.

У гэты дзень у Пацынічах было шматлюдна. Каля імправізаванай канцэртнай пляцоўкі, упрыгожанай старадаўнімі ручнікамі, сабраліся мясцовыя жыхары, госці, прадстаўнікі органаў улады і гаспадаркі, артысты.

Падчас урачыстай часткі мерапрыемства прагучалі прывітальныя словы, былі адзначаны старэйшыя жыхары, уладальнікі лепшых падворкаў, а таксама ветэраны працы ААТ «Райаграсервіс».

Вялікая канцэртная праграма складалася з песенных і гумарыстычных нумароў, якія прадставілі гледачам вакальныя групы «Шчырым сэрцам» (аўтаклуб) і «Сузор’е» (Ліноўскі сельскі Дом культуры), удзельнікі мастацкай самадзейнасці Шарашоўскага цэнтра культуры і вольнага часу – Вераніка Шумер, Ганна Кулаева, Святлана Радзькова і Фелікс Грышкевіч, работнікі Роўбіцкага сельскага Дома культуры – Таццяна Папко, Ірына Параняк, Таццяна Грачышка і Ірына Граматовіч, салістка Новазасімавіцкага сельскага Дома культуры Аксана Качанава.

Прыемныя ўражанні, добры настрой і шмат станоўчых эмоцый падаравала свята вёскі Пацынічы ўсім удзельнікам мерапрыемства.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий