Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1993 годзе зацвердзіла 15 мая ў якасці Міжнароднага дня сем’яў. Пачынаючы з наступнага года людзі ўсяго свету пачалі адзначаць гэты дзень. Сярод прычын яго з’яўлення – неабходнасць звяроту ўвагі грамадскасці і ўлад на шматлікія праблемы сем’яў.
У наш час сям’я – гэта важнейшы асяродак для захавання і перадачы з пакалення ў пакаленне культурных каштоўнасцяў, нацыянальных традыцый, а таксама маральнай і матэрыяльнай падтрымкі дзяцей, пажылых людзей і інвалідаў.
Правядзенне Міжнароднага дня сем’яў служыць павышэнню статуса сям’і і садзейнічае лепшаму разуменню яе праблем і патрэб. У Беларусі традыцыйна да гэтага дня прымеркаваны вечарыны, сустрэчы з сем’ямі, круглыя сталы, святочныя мерапрыемствы і інш.
З нагоды гэтай даты ва ўсіх установах адукацыі ў панядзелак 16 мая прайшлі інфармацыйныя гадзіны. У адной з іх, якая адбылася ў сярэдняй школе № 5, прыняла ўдзел намеснік старшыні Праўлення Пружанскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Наталля Пракаповіч. Яна пазнаёміла школьнікаў з асновамі сямейнага заканадаўства і расказала аб дзяржаўнай падтрымцы сям’яў у Рэспубліцы Беларусь.