На мінулым тыдні ў Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма прайшла прафесійная вучоба. Загадчык аддзелам абслугоўвання і інфармацыі Ю.Лаўраш зрабіла агляд кніг расійскіх і замежных аўтараў, якія карыстаюцца папулярнасцю сярод наведвальнікаў абанемента, бібліятэкар Т.Купчанка звярнула ўвагу на тэрапеўтычны накірунак дзейнасці бібліятэк, а загадчык аддзелам матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння У.Ягораў нагадаў пра прафілактычныя меры па захаванні зроку.
Шмат пазітыву і добрага настрою прынёс рабятам «Муркін бенефіс», які прайшоў у Ружанскай гарпасялковай бібліятэцы. Бібліятэкары прымеркавалі пазнавальнае мерапрыемства да Сусветнага дня катоў. Яно стала повадам пагаварыць не толькі аб гэтых ласкавых і разумных жывёлах, але і іншых хатніх гадаванцах, аб якіх трэба клапаціцца.
Інтэрактыўная тэст-віктарына «А ці ведаеце вы?» адбылася ў Навасёлкаўскай сельскай бібліятэцы. Рабяты паказалі свае веды аб прыродзе і жывёльным свеце, а таксама даведаліся шмат новай і карыснай інфармацыі. Таксама бібліятэка правяла віктарыну для дзяцей «Чараўніцы і феі», падчас якой неабходна было ўспомніць герояў казак.
Ліноўская сельская бібліятэка запрасіла школьнікаў на конкурсна-гульнявую праграму «Класныя дзяўчаты», прымеркаваную да Дня жанчын. Падчас мерапрыемства дзяўчынкі паспаборнічалі ў інтэлектуальных конкурсах, праявілі сваю гаспадарчасць, веданне раслін і песень аб маці.
На прафілактыку ўжывання ненарматыўнай лексікі ў падлеткавым асяроддзі была накіравана размова «Словы, якія калечаць». Яе з вучнямі 5 «Б» класа сярэдняй школы № 5 правялі работнікі Пружанскай гарадской бібліятэкі.