26 красавіка ў Музеі-сядзібе Пружанскі палацык адкрылася першая персанальная выстава маладога мастака Дзмітрыя Кузьміча (г.Віцебск).
Ён нарадзіўся ў г.Бяроза. На малой радзіме захапіўся творчасцю, наведваў мастацкую студыю. Закончыў Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж (спецыяльнасць «Архітэктура»), Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава (спецыяльнасць «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка») і магістратуру ўстановы.
Сёння Дзмітрый Мікалаевіч – выкладчык кафедры выяўленчага мастацтва мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, кіраўнік вучэбна-творчай майстэрні станковага жывапісу факультэта.
Ён удзельнічае ў арганізацыі выстаў і пленэраў.
Работы мастака захоўваюцца ў прыватных калекцыях, фондах Нацыянальнага гістарычнага музея і іншых музеях краіны.
Асаблівасцю твораў Дзмітрыя Кузьміча з’яўляецца асаблівая ўвага светлавому адлюстраванню сюжэтных ліній, якое надае карцінам пэўны настрой, стварае асаблівае пачуццё іх ўспрымання.
На выставе «Спатканне з сонцам» у Пружанскім палацыку прадстаўлена 20 работ мастака. У асноўным гэта пейзажы, выкананыя на працягу некалькіх гадоў.
Паспейце наведаць выставу жывапісу Д.Кузьміча «Спатканне з сонцам», якая будзе працаваць у палацыку да сярэдзіны чэрвеня 2025 года.