12 ліпеня ў вёсцы Смаляніца Хараўскога сельсавета прайшло свята «Жыве вёска родная». Дата правядзення мерапрыемства была абрана нездарма – у гэты дзень у 1944 годзе вёска была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З віншаваннямі да прысутных звярнуліся старшыня сельвыканкама Алёна Рыгораўна Пстыга і стараста вёскі Ніна Вячаславаўна Ляшчынская.
Шмат цёплых слоў прагучала ў адрас імяніннікаў і юбіляраў. Асаблівай чуласцю вызначалася віншаванне старэйшага жыхара Зінаіды Дзмітрыеўны Карпызы, якой споўнілася 90. Шмат гадоў яна ўзначальвала Смаляніцкі сельскі Дом культуры, стварыла вядомы калектыў «Смаляначка», які існуе да сённяшнага дня. Сярод тых, што ўдзельнічаў ва ўшанаванні, была старшыня райкама Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Юлія Віктараўна Пропер. Яна уручыла юбіляру падзячны ліст, кветкі і падарунак, пажадала доўгага жыцця і здароўя.
Прысутных на свяце сваёй творчасцю парадавалі творчыя калектывы Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры, у тым ліку «Смаляначка», а таксама артысты-аматары з Хараўскога сельскага клуба-бібліятэкі.