Слова аб роднай Беларусі

Белавусаўшчынская сельская бібліятэка сумесна з Домам культуры правяла для мясцовых рабят інфармацыйную гадзіну “Беларусь незалежная”. Юныя ўдзельнікі мерапрыемства даведаліся аб галоўных сімвалах нашай Радзімы і яе славутых мясцінах. Напрыканцы сустрэчы дзеці замацавалі атрыманыя веды – паўдзельнічалі ў віктарыне. Бібліятэка таксама не аставіла па-за ўвагай такую знакавую для кожнага беларуса дату як 140 год з дня нараджэння Янкі Купалы. Да юбілею Народнага паэта ва ўстанове адбылася пазнавальная гадзіна “Янка Купала. Жыццё і творчасць”, была адкрыта кніжная выстава “Беларусь з Купалам назаўжды”.

А ў Ліноўскай сельскай бібліятэцы юбілею класіка прысвяцілі літаратурна-музычную кампазіцыю “Ён і сёння з намі, наш Купала”. На мерапрыемстве прысутныя знаёміліся з творчасцю паэта. Падчас імпрэзы гучала шмат вершаў не толькі вядомага юбіляра, але і твораў беларускіх аўтараў, прысвечаных Песняру. Народны фальклорны гурт “Бабіна лета” выканаў песні на словы Я.Купалы. Гледачы таксама ўбачылі ўрывак з п’есы класіка беларускай літаратуры “Прымакі”, пазнаёміліся з кніжнай выставай “Святло купалаўскіх вобразаў”.

Літаратурны вечар “Пясняр роднай Беларусі” прайшоў у чытальнай зале Ружанскай гарпасялковай бібліятэкі. Прыхільнікі творчасці паэта нагадалі асноўныя этапы яго жыцця і творчага шляху, паспаборнічалі ў віктарыне “Жыццё і творчасць Янкі Купалы”, пачыталі вершы вялікага Песняра, паслухалі песні на яго словы. Да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа ва ўстанове працуе выстава “Песняры роднага слова”.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий