«Скамарошына» адзначыла паўвекавы юбілей

На гэтым тыдні свой паўвекавы творчы юбілей адзначыў узорны аркестр народных інструментаў «Скамарошына», які лічыцца адной з візітных картак не толькі дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы, але і ўсяго Пружанскага раёна. Гэты выдатны аркестр з’яўляецца неаднаразовым пераможцай абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, сапраўдным упрыгажэннем канцэртаў рознага ўзроўню.

Як паказаў час, музычны калектыў, створаны ў 1974 годзе, стаў яркай з’явай у культурным жыцці рэгіёна. За гэты час неаднаразова змяніўся склад ансамблю, але нязменнымі засталіся яго прыгажосць, прафесіяналізм і артыстызм.

Да свайго юбілею «Скамарошына» падрыхтавала вялікі справаздачны канцэрт, на якім прагучалі творы беларускіх і замежных кампазітараў.

Падчас урачыстага мерапрыемства прагучалі віншаванні ў гонар калектыву ад кіраўніцтва аддзела культуры райвыканкама. Стваральніку ансамбля і ганароваму грамадзяніну Пружанскага раёна Іраідзе Багамолавай, якая ўзначальвала аркестр 33 гады, і сучаснаму яго кіраўніку – Людміле Кавалевіч, якая працуе з ансамблем з 2007 года, былі ўручаны граматы аддзела культуры. Лепшым педагогам і вучням граматы ўручыла дырэктар школы мастацтваў Юлія Сядова.

Віншуем узорны ансамбль народных інструментаў «Скамарошына» з 50-гадовым юбілеем! Жадаем новых ідэй, эмоцый, перамог і творчага даўгалецця!

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий