25 мая адбыўся справаздачны канцэрт і выпускны вечар Новазасімавіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Ён прайшоў з аншлагам у канцэртнай зале мясцовага сельскага Дома культуры.
На ўрачыстым мерапрыемстве прагучала 18 выдатных музычных нумароў – вакальных, харавых, інструментальных. Сярод іх былі ансамблевыя, індывідуальныя і творчыя дуэты настаўнікаў і вучняў. Кожны нумар быў напоўнены майстэрствам, артыстызмам і любоўю да мастацтва.
Дырэктар установы Марына Леанідаўна Кузьміч падвяла вынікі навучальнага года, расказала аб поспехах вучняў у конкурснай і канцэртнай дзейнасці, найбольш значных мерапрыемствах. Яна адзначыла высокі прафесіяналізм педагогаў, іх дзейнасць па развіцці творчага патэнцыялу вучняў і пажадала далейшых поспехаў у годнай справе. У рамках мерапрыемства былі адзначаны лепшыя вучні, якія атрымалі ганаровыя граматы за поспехі і дасягненні у вучобе. Не засталіся без увагі выпускнікі, якім былі ўручаны пасведчанні аб заканчэнні дзіцячай школы мастацтваў. Дарэчы, дзве выпускніцы закончылі школу на выдатна.
Рабяты і іх бацькі з падзякай і найлепшымі словамі пажаданняў звярнуліся да настаўнікаў, падзяліліся цёплымі ўспамінамі і незабыўнымі момантамі школьнага жыцця.
Выпускны вечар са справаздачным канцэртам у Новазасімавіцкой дзіцячай школе мастацтваў стаў яркай падзеяй, якая аставіла добрыя ўспаміны ў сэрцах выпускнікоў, іх бацькоў і настаўнікаў. Гэта было свята таленту, творчасці і натхнення, якое пацвердзіла, што ў сценах школы мастацтваў з’яўляюцца сапраўдныя зоркі!