У мінулую суботу ў Шарашове Пружанскага раёна было шматлюдна і весела – пасёлак адзначаў сваё свята.
Праграма мерапрыемстваў была вельмі насычанай і разнастайнай: любы жадаючы мог прыняць удзел у яе правядзенні і наведаць шматлікія пляцоўкі і забавы.
Падчас урачыстай часткі свята кіраўніцтва Шарашоўскага сельвыканкама адзначыла юбіляраў, імяніннікаў, самых юных жыхароў, малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, заслужаных людзей. Прагучала шмат шчырых слоў і добрых пажаданняў у адрас роднага населенага пункта.
На галоўнай плошчы былі разгорнуты асобныя пляцоўкі, аформленыя арганізацыямі, якія працуюць на тэрыторыі сельсавета, грамадскімі аб’яднаннямі, у тым ліку пярвічкай “Беларускага саюза жанчын”, майстрамі аматарскай творчасці, раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, і гандлёвыя кропкі. Дзеці і моладзь маглі пабавіць час на атракцыёнах і колер-фэсце, паўдзельнічаць у гульнях.
Свае спартыўныя дасягненні прадэманстравалі ўдзельнікі клуба кікбоксінга “Тарнада”.
Адной з самых яркіх і запамінальных старонак свята стала канцэртная праграма, падрыхтаваная самадзейнымі артыстамі Шарашоўскага цэнтра культуры і вольнага часу, Кляпацкага і Ліноўскага сельскіх Дамоў культуры. Прыемным сюрпрызам для шарашоўцаў і гасцей пасёлка стала выступленне баяністаў-віртуозаў з Мінска і беларускай эстраднай спявачкі Улады.
Завяршылася свята ў Шарашове вячэрняй дыскатэкай.