Такую назву мела пазнавальна-забаўляльная праграма, якая прайшла 11 студзеня ў Палацы культуры. У ёй прынялі ўдзел васьмікласнікі школ горада.
Падлеткі даведаліся аб унікальных аб’ектах, якія былі вызначаны шляхам галасавання, аб’яўленага «Народнай газетай» у 2011 годзе, – полацкім Сафійскім саборы, Будслаўскім касцёле, Бабруйскай і Брэсцкай крэпасцях, Мірскім замку, Белавежскай пушчы і возеры Нарач. Таксама вядучыя – Ганна Васілішына і Ілля Баран – расказалі аб іншых знакавых для Беларусі мясцінах, яе традыцыях і выдатных асобах. Іх аповед быў дапоўнены прыгожымі песнямі аб Радзіме.
У другой частцы мерапрыемства прайшла віктарына аб Беларусі, у якой перамаглі гімназісты, другое і трэцяе местца занялі адпаведна вучні сярэдняй школы № 5 і № 3.
Праграма была падрыхтавана і праведзена ўзорнай кантакт-студыяй «Teens-фармат» Пружанскага раённага цэнтра культуры.