Некалькі цікавых мерапрыемстваў адбылося ў Навасёлкаўскім сельскім Доме культуры. Вучні групы падоўжанага дня завіталі ва ўстанову культуры на віктарыну “Дзве гадзіны вакол свету”. Сустрэча атрымалася цікавай і карыснай. Рабяты даведаліся, якія жывёлы жывуць у Афрыцы і на Паўночным полюсе, як звалі першую жанчыну-касманаўта, з якой хуткасцю рухаецца сучасны цягнік і шмат чаго іншага, паглядзелі відэаролік пра жыццё ў тундры і расфарбавалі вясёлых іншапланецян. Наступная сустрэча адбылася ў фальклорным кутку, дзе прайшла гульнявая праграма “На прахвоста няма поста”. Дзеці з задавальненнем пагулялі і даведаліся, хто такі “прахвост”, чым займаліся і як бавілі час іх аднагодкі ў 1970-я гады. Завяршылася мерапрыемства развучваннем беларускага народнага танца “Гапак-тройка па-смаляніцку.
Ліноўская сельская бібліятэка запрасіла рабят у літаратурную гасцёўню “Знаёмцеся, героі Эдуарда Успенскага”, прысвечаную 85-годдзю выдатнага дзіцячага пісьменніка. Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава “Падарожжа ў краіну казак Успенскага”.
“Чалавек, прадоўжы свой век” – так называлася пазнавальная гадзіна, праведзеная ў Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма для вучняў аграрна-тэхнічнага каледжа.
У мерапрыемствах устаноў культуры ўсё актыўней прасочваецца зімовая тэматыка.
Так, у Хараўскім сельскім клубе-бібліятэцы прайшла віктарына “Куфэрак зімовых казак”.
Слабудскі сельскі Дом культуры сабраў гледачоў на канцэрт “Старыя песні аб галоўным”, які завяршыўся вечарынай адпачынку “Навагодняе чараўніцтва”.
Выставу і фотазону “Калядныя цуды” падрыхтаваў Кляпацкі сельскі Дом культуры.