Сапраўднае свята мастацтва

Сапраўднай падзеяй для Лінова стаў выніковы справаздачны канцэрт і выпускны вечар у дзіцячай школе мастацтваў.

У вялікай зале сельскага Дома культуры сабралася шмат аматараў мастацкай творчасці – жыхары сельсавета, бацькі, родныя і сябры вучняў, педагогі.

На ўрачыстай частцы мерапрыемства дырэктар школы Аляксандр Васільевіч Пракопчык павіншаваў усіх з паспяховым заканчэннем навучальнага года. Лепшым вучням школы, якія з адзнакай засвоілі школьную праграму, а таксама ўдзельнікам фестываляў і конкурсаў былі ўручаны граматы і падзячныя лісты.

Асаблівая ўвага была нададзена выпускнікам. У гэтым годзе Ліноўскую дзіцячую школу мастацтваў закончылі 17 юнакоў і дзяўчат, якія атрымалі пасведчанні.

Выдатны канцэрт, падрыхтаваны творчымі калектывамі і сольнымі выканаўцамі ўстановы, не аставіў раўнадушным ніводнага гледача. Іх шчырыя апладысменты былі заслужанай адзнакай творчага майстэрства педагогаў і вучняў.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий