У мінулыя выхадныя ў клубных установах прайшло шмат мерапрыемстваў, большасць з якіх была прымеркавана да Вялікадня.
Так, у Мураўскім сельскім Доме культуры адбыўся канцэрт “Са святам, добрыя людзі!” з удзелам артыстаў мясцовай самадзейнасці і Шарашоўскага цэнтра культуры і вольнага часу. А напярэдадні для дзяцей прайшоў майстар-клас “Велікоднае кураня” і гульнявая праграма.
У Навасёлкаўскім сельскім Доме культуры 24 красавіка прэзентавалі прадстаўленне “Свята свят”, якое падрыхтаваў тэатральны гурток “Маска” (кір. І.Чайко). А потым адбыўся канцэрт “Светлае Уваскрасенне”. Прысутных са святам павіншаваў настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы в.Смаляніца Сергій Худзяеў. У гэты ж дзень ва ўстанове адкрылася выстава работ удзельнікаў студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Пацешкі” (кір. Л.Яроцкая) і гуртка “Майстрыха” (кір. Л.Паўлючык).
З Вялікаднем жыхароў в.Новыя Засімавічы павіншаваў вакальны ансамбль “Амафор” з мясцовага Дома культуры. Канцэрт, на якім прагучалі рэлігійныя і народныя спевы, быў зладжаны на тэрыторыі храма іконы Божай Маці “Неспадзяваная радасць”. З прывітальным словам да ўсіх звярнуўся настаяцель храма Сергій Сысаляцін. А перад святам у сельскім Доме культуры для дзяцей прайшоў майстар-клас па выцінанцы, які правяла кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва В.Качанава. З каляровай паперы хлопчыі і дзяўчынкі вучыліся ствараць стылізаваныя фігуркі анёлаў.
Ліноўскі сельскі Дом культуры запрасіў усіх жадаючых на свята “Велікодныя забавы”, у якім удзельнічалі творчыя калектывы ўстановы – народны фальклорны гурт “Бабіна лета”, тэатр мініяцюр “Тмін”, вакальны гурт “Каханачка”, клуб аматараў песні “Сузор’е”. Жыхароў аграгарадка са святам прыйшоў павіншаваць настаяцель аранчыцкага храма Узвіжання Крыжа Гасподняга Аляксандр Мялешка.
Свята “Светлае Хрыстова Уваскрасенне” адбылося 26 красавіка ў Калазубскім сельскім клубе-бібліятэцы. Павіншаваць дарослых і дзяцей, якія прыйшлі ва ўстанову, завіталі старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Юркоўская і настаяцель варанілавіцкага храма святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра Мікалай Машлякевіч. Падчас мерапрыемства адбыўся канцэрт, працавала выстава дзіцячых малюнкаў, таксама былі зладжаны гульні і велікодныя пачастункі.
Да знакавага хрысціянскага свята Кляпацкая сельская бібліятэка разам з Домам культуры для юных гледачоў падрыхтавалі мініяцюру “Залатое яечка”, якую прадставіў тэатральны гурток “Дзівакі”. Потым рабяты з ахвотай паўдзельнічалі ў гульнявой праграме.
У Калядзіцкім сельскім Доме культуры 24 красавіка адбыўся святочны канцэрт “Мир света соткан из чудес” і прайшла дабрачынная акцыя “Стварай дабрыню”.
Канцэрт-віншаванне для жыхароў аграгарадка зладзіў Хараўскі сельскі Дом культуры.
Работнікі Мокраўскага сельскага Дома культуры разам з настаяцелем мясцова храма святых апосталаў Пятра і Паўла Аляксандрам Сенем прынялі ўдзел у віншаванні вясковых жыхароў са святам.
Пазнавальна-забаўляльную праграму “Сустракаем Вялікдзень” падрыхтаваў Шаняўскі сельскі клуб. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся аб рэлігійным свяце, пазнаёміліся з народнымі гульнямі і прыкметамі. А гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (кір. Д.Панасік) аформіў выставу “Вялікдзень у творчасці дзяцей”.
Гульнявыя праграмы прайшлі таксама ў Ружанскім цэнтры культуры і вольнага часу, Вялікасельскім і Белавусаўшчынскім сельскіх Дамах культуры, Сухопальскім сельскім клубе-бібліятэцы.