Ружаны: пачатак Вялікай Айчыннай вайны

У першыя дні Вялікай Айчынной вайны Ружаны апынуліся на лініі «дарогі смерці», па якой часці Чырвонай Арміі, адступаючы пад націскам нямецкіх войск ад Беластока, прарываліся да асноўных сіл Заходняга фронта. Савецкія воіны адчайна змагаліся, астаўляючы ўздоўж шляхоў адыходу шмат параненых і загінуўшых, пашкоджанай тэхнікі. Першы тыдзень вайны быў сапраўдным жахам: бамбардзіроўкі, абстрэлы, смерць, кроў і праціўнік, якога амаль немагчыма сыніць.

Немцы былі ў Ружанах ранкам 24 чэрвеня 1941 года. Ужо ў 8.00 часці 17-й танкавай дывізіі генерала Арніма і камандуючага 2-й танкавай групай Гудэрыяна ўвайшлі ў Слонім. Аб узяцці вермахтам Слоніма ў штабе Заходняга фронта даведаліся з вялікім спазненнем. Каля 17.00 25 чэрвеня камандуючы фронтам генерал Паўлаў аддаў баявое распараджэнне ў штабы 3-й і 10-й армій і 6-му мехкорпусу, якія прыкрывалі заходня рубяжы: «Неадкладна спыніце бой і форсіраваным маршам, ідучы ноччу і днем, засяродзьцеся ў Слоніме». Савецкае камандаванне на той час не валодала  аператыўнай інфармацыяй, звесткі аб захопе населеных пунктаў і знішчэнні баявых адзінак не адпавядалі рэчаіснасці. Лясны масіў ружанска-слонімска-ваўкавыскага трохкутніка, дзе працягвалі змаганне рэшткі савецкіх часцей, быў па-сапраўднаму «пякельным».

Нягледзячы на захоп, новы бой ў Ружанах адбыўся 25 чэрвеня. Яго вяла 205-я матарызаваная дывізія, якая, трапіўшы ў акружэнне, канчаткова не страціла сваіх баявых магчымасцяў. І гэта пры тым, што ад асноўных сіл дывізіі быў адрэзаны 721-ы мотастралковы полк, які адцягваў сілы праціўніка на трасе Брэст – Баранавічы. Гэта вялікае злучэнне Чырвонай Арміі пад камандаваннем палкоўніка Кудзюрава вельмі непакоіла ворага, таму што тры транспартных калідоры (Брэст – Баранавічы, Слонім – Баранавічы, Ліда – Пінск), якія злучаліся ля Ружан, у першыя дні вайны вораг не змог поўнасцю ўзяць пад кантроль і забяспечыць бесперапынны рух часцей нямецкай арміі.

Кудзюраў не меў сувязі са штабам фронту. Апошні загад аб ўтрыманні рубяжоў на р.Ясельда выканаць не мог, так як вораг ужо абыйшоў яго з абодвух бакоў. Палкоўнік вырашыў выйсці на аўтадарогу Ружаны – Слонім, каб паспрабаваць прарвацца да савецкай групіроўкі войск. Аб тым, што даваеннай дыслакацыі ўжо не іскуе, камандзір не ведаў.

Каля 13.00 25 чэрвеня на ўскрайку Ружан 226-й мотастралковы полк разам са знішчальным батальёнам старшага лейтэнанта Мшара ўступіў у бой. Нечакана савецкія часці атрымалі падтрымку з паветра. Варожыя пазіцыі бамбардзіравалі тры савецкія борты ДБ-3. Гэта на нейкі час пасадзейнічала падняццю маральнага духу чырвонаармейцаў. Але дзве машыны нямецкія знішчальнікі хутка падбілі. Цела аднаго абгарэлага летчыка падабралі савецкія разведчыкі. Прарыў да Слоніма не атрымаўся.

Даволі хутка немцы падцянулі да Ружан пяхотны і разведвальны матарызаваны батальёны, зрабіўшы прарыў праз Ружаны да Слоніма немагчымым. У гэты час па трасе ад Слоніма да Баранавічаў рухалася суцэльная калона нямецкіх войск, што сведчыла аб адсутнасці ў наваколлі іншых вялікіх баёў.

У першыя дні вайны ў адчайных атаках на варожыя пазіцыі загінулі тысячы чырвонармейцаў. 29-я механізаваная дывізія вермахта з 25 чэрвеня вяла абарончыя баі на паўдневай ускраіне кальца акружэння – каля Зяльвянкі і па абодва бакі ад Зэльвы. 28 чэрвеня на дапамогу ворагу падыйшоў 82-і грэнадзерскі полк і заняў пазіцыю на поўнач ад Ружан. У 11.00 полк пры падтрымцы 3-га дывізіена 31-га артпалка з раёна Гарадок – Паўлава праз Блізную павеў наступленне на Кракотку і да ночы заняў рубеж на ўсходнім беразе Зяльвянкі ад Рудаўкі до Хонічаў. Шырыня абароны немцаў складала 10 км.

 Былы курсант палкавой школы 148-га танкавага палка А.Цітоў ўспамінаў аб гэтых падзеях: «Баі ішлі паўсюдна: на шашы, за выспы, за вескі. Усюду гарэлі пажары. 27-га перасяклі грунтовую тады дарогу Гродна – Брэст. І уперліся ўсей мехкалонай у Ружанскі лес. Што рабіць? Не кідаць жа тэхніку, не бечы ж ў гушчар, не кідаць жа сем’і камскладу ў грузавых машынах. Вырашылі з ранку рухацца на Ружаны, выбіць фашыстаў і выйсці на шашу Брэст – Баранавічы. Наіўныя, мы не падазравалі, што немцы ўжо ўвайшлі ў Мінск… Бой ішоў увесь дзень. Біла па нас артылерыя, бамбіла авіяцыя, з узгоркаў палівалі аўтаматчыкі…».

Вечарам 28 чэрвеня камандзір 31-й танкавай дывізіі палкоўнік С.А.Каліховіч быў цяжка паранены, яго выцягнуў на сабе з бою ўпаўнаважаны 3-га аддзялення Гарэнін. Каманадванне групай узяў на сябе камандзір 62-га танкавага палка палкоўнік І.А.Шапавалаў, да таго часу ўжо тройчы паранены. Іх прарыў пацярпеў няўдачу, атакуючыя панеслі вялікія страты забітымі, рэшткі вярнуліся на зыходныя пазіцыі. Тады было прынята рашэнне: раздзяліцца на дробныя групы і выходзіць на усход праз Ружанскую пушчу. Разам з Шапавалавым быў танкіст В.І.Арэхаў, які сведчыў: «Тэхнікі ніякай не было, ішлі пешшу. У лесе падабралі параненага камандзіра дывізіі Каліховіча, а нас выводзіў камандзір палка Шапавалаў. Абодва яны былі сябры, скончылі акадэмію імя Сталіна да вайны. Было 23 камандзіры і нас, радавых, было 23, толькі правераных увзялі з сабой. Рухаліся па лясах, зрэдку ўступалі ў баі…».

Жорсткасць баёў уражвала. У адным з дзённікаў нямецкага афіцэра запісана: «…Грамадзянскіх мы таксама б’ем усімі відамі зброі, якая знаходзіцца на ўзбраенні германскай арміі. Шкада толькі, што не хапае вяровак, каб вешаць гэтых каварных… Усе выглядае жахліва. Ляжаць сродкі руху розных відаў, растраляныя і спаленыя, пакінутыя на дарозе і каля яе пры хуткіх уцеках. На многіх бачны сляды гусяніц нашых танкаў. Паўсюдна ў хаатычным бязладдзі раскідана зброя, рыштунак, абмундзіраванне. Над усей гэтай карцінай разбурэння лунае трупны пах. Ва ўсіх станах раздушаныя, спаленыя, асмаленыя машыны… дарога завалена».

Першая хваля савецкага адступлення з-пад Беластока і Гродна ішла праз важныя магістралі, уздоўж якіх пэўны час назіраліся сляды баёў – падбітая тэхніка, варонкі ад снарадаў, забітыя людзі і жывёлы. А калі нямецкія войскі захапілі шашэйныя дарогі ад Ружан на Ваўкавыск і Слонім на безлесае ў многіх месцах Слонімскае ўзвышша пайшла другая хваля – разбітыя ў баях пад Беластокам, Ваўкавыскам і Гродна чырвонаармейцы, рух адступлення якіх разам з бежанцамі ляжаў праз вёскі, хутары, полявыя і лясныя дарогі.

А далей былі гады акупацыі і баёў, змагання і страт, якія завяршыліся перамогай над фашызмам.

Добавить комментарий