Яшчэ адной цікавай рэччу, з якой падчас ружанскіх “чатырох чацвяргоў” знаёміць палацавы комплекс роду Сапегаў, з’яўляецца інтэр’ерны камін, аформлены пячной кафляй XIX стагоддзя.
Першапачаткова гэты камін знаходзіўся ў Ліноўскай сядзібе Трэмбіцкіх (сёння – пас.Інтэрнацыянальны Пружанскага раёна). Пэўныя абставіны прывялі да яго дэмантажу і перавозцы ў Ружанскі палацавы комплекс.
Кафля – фасадная, вуглавая і карнізная, – якой быў абліцаваны камін, трапіла ў музей ў ідэальным стане, нават не спатрэбілася рэстаўрацыя. На новым месцы камін быў поўнасцю ўзноўлены ў першапачатковым выглядзе.
Пры ўстаноўцы каміна кафлю атрыбутавалі навуковыя супрацоўнікі музея. Так, на адваротным баку прадметаў былі выяўлены надпісы «PRUSZKOW», что дазволіла лакалізаваць іх паходжанне – польскі горад Прушкаў, дзе ў канцы XVIII – ХІХ стст. існавала фаянсава-керамічная вытворчасць.
Кафля – гэта адзін з відаў керамічнай пліткі. Гліняная паліваная кафля мае як дэкаратыўнае, так і практычнае прызначэнне – добра захоўвае цяпло. На адваротным яе баку знаходзіцца румпа – полы прамавугольны выступ для замацавання ў кладцы печы. З вонкавага боку прушкаўская кафля мае рэльефны арнамент расліннага характару, які пакрыты карычнева-вохрыстай палівай.
Прыгожы інтэр’ерны камін ХІХ стагодзя з’яўляецца сапраўдным упрыгажэннем экспазіцыйнай залы ў Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў і любімым месцам фатаграфавання наведвальнікаў музея.