На мінулым тыдні ў Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў адкрылася персанальная выстава мастацкіх работ Марыны Мары (Канавалавай) «Rosarium».
Дзіцячыя гады мастачка правяла ў Нарыльску. У 1986 г. яна закончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага універсітэта, у 2014 г. – факультэт графічнага дызайну Беларускай дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў.
Марына Мара лічыць сябе паслядоўніцай віцебскай мастацкай школы. Яна прызнаецца ў любові да такіх вядомых майстроў пэндзля як М.Дабужынскі, З.Серабракова, Г.Астраумава-Лебедзева. Яе разуменню таксама блізкія М.Шагал і К.Малевіч.
Марына ў розныя перыяды працавала ў станковай і кніжнай графіцы, аформіла больш за 15 кніг для дзяцей. Любоў да акварэлі спрыяла цікаўнасці да працы па шоўку. У 2010-х гг. яна нават стварыла брэнд аўтарскага роспісу па шоўку «Maramarina».
Любімая тэхніка мастачкі – пастэль, якая аб’ядноўвае пластыку ліній і колер. Мара працуе з натуры і пераасэнсоўвае ўбачанае ў кампазіцыях. Рэалістычныя эцюды яна лічыць прамежкавым этапам працы. Карціна – праява тэмпераменту мастака. Таму нават самая пяшчотная работа Марыны Мары выглядае актыўнай, бурнай па ўнутранаму зместу і містычнай.
Творчасць для мастачкі – гэта магчымасць стварэння свайго асаблівага свету, пошук гармоніі, мары, творчага палёту і асалоды.
Вынікам творчых пошукаў і працы мастачкі стаў удзел у рэспубліканскіх выставах жывапісу і міжнародных пленэрах у Літве, Латвіі, Польшчы, Чарнагорыі і Беларусі.
Выстава работ Марыны Мары (Канавалавай) «Rosarium» будзе працаваць у Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў на працягу чэрвеня – ліпеня 2022 года.