Разам з бібліятэкай пра ўсё на свеце

Самым разнастайным падзеям і тэмам былі прысвечаны мерапрыемствы, якія на працягу тыдня адбыліся ў бібліятэках раёна.

Шэраг цікавых спраў работнікі культуры правялі да Дня бібліятэк Беларусі. Так, захапляльную экскурсію-падарожжа «Ёсць храм у кніг – бібліятэка» зладзіла для выхаванцаў дзіцячага сада Мураўская сельская бібліятэка. Сустрэчу «Сёння свята нашых кніг» для вучняў малодшых класаў арганізавала Магілявецкая сельская бібліятэка. У Пружанскай раённай дзіцячай бібліятэцы імя А.Лось прайшла гульня «Дом, дзе жывуць кнігі».

Не засталося па-за ўвагай бібліятэкараў дзяржаўнае свята. Да Дня народнага адзінства дзіцячая бібліятэка імя А.Лось правяла турнір знаўцаў «Каб любіць Беларусь нашу мілую», у якой прынялі ўдзел шасцікласнікі сярэдняй школы № 3 г.Пружаны. Ліноўская сельская бібліятэка падрыхтавала да знакавай даты літаратурна-музычную кампазіцыю «Хто жыве ў Беларусі» для старшакласнікаў мясцовай школы. А ў Новазасімавіцкай сельскай бібліятэцы адбылася інфармацыйная гадзіна «Моц краіны ў адзінстве народа» для вучняў дзевятага класа Параслянскай сярэдняй школы. Хлопцы і дзяўчаты таксама паўдзельнічалі ў краязнаўцай гульні «У вёсцы».

Разам з шасцікласнікамі Ружанскай сярэдняй школы завочнае падарожжа «Таямніцы замкаў Беларусі» ў гарпасялковай бібліятэцы здзейсніў экскурсавод А.Арцюх. У гарадскую бібліятэку на краязнаўчую эрудыт-гульню «Мой край – Пружаны» завіталі вучні 11 «Б» класа сярэдняй школы № 5.

Цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Засіма правяла для навучэнцаў Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа інфармацыйна-прававую гадзіну «Чалавек і прырода: грані ўзаемадзеяння», прысвечаную экалагічным пралемам. А для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва бібліятэка прапанавала конкурсную праграму «Маршрут з прываламі і песнямі».

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий