Шчыруюць на палях хлебаробы Пружаншчыны. 9 жніўня імі ўжо было намалочана 100 тысяч тон зерня!
Адзначыць выдатную працу і ўшанаваць лепшых аграрыяў раёна завіталі 10 жніўня на палеткі ААТ “Агра-Калядзічы” першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама В.Зайчук, выконваючы дырэктар Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза С.Ашмянцаў, старшыня Пружанскага райвыканкама М.Грышкевіч. Было шмат пажаданняў і ўзнагарод, а таксама творчых нумароў і шчырых слоў ад калектыву Калядзіцкага сельскага Дома культуры.
Канцэртныя нумары для ўдзельнікаў жніва ААТ “Шані аграпрадукт” падрыхтаваў таксама клуб па інтарэсах “Находка” Шаняўскога сельскага клуба-бібліятэкі. Разам з прадстаўнікамі гаспадаркі работнікі культуры наведалі палеткі, дзе ўшанавалі лепшых хлебаробаў.