Прыйшло Купалле

У дзень народнага свята Купалле клубныя ўстановы Пружанскага раённага цэнтра культуры прапанавалі наведвальнікам далучыцца да старадаўняга беларускага свята.

Белавусаўшчынскі сельскі клуб-бібліятэка зладзіў гульнявую праграму «Дзень Івана Купалы ці У пошуках чароўнай кветкі». Рабяты знаёміліся з традыцыямі свята, вадзілі карагоды, скакалі праз імправізаванае вогнішча, пускалі ў ваду вянкі і інш.

Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія завіталі ў Кляпацкі сельскі Дом культуры, паўдзельнічалі ў гутарцы «Іван Купала. Гісторыя і традыцыі». Яны пачулі цікавыя звесткі аб славянскім свяце, яго сімвалах, звычаях, вераваннях, абрадах.

Для ўдзельнікаў клуба па інтарэсах «Валошкі» і гуртка сольных спеваў «Крыштальны галасок», якія працуюць у Ліноўскім сельскім Доме культуры, прайшоў конкурс «Вянок для Купалінкі». Дзяўчаты прадставілі вянкі, якія стварылі з летніх кветак і зеляніны.

Забаўляльна-гульнявую праграму «Іван Купала» зладзіў для дзяцей Хараўскі сельскі клуб-бібліятэка. Рабяты гуляі, вадзілі карагоды, шукалі папараць-кветку, спаборнічалі ў конкурсах і танцавалі.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий