Такую назву мае выстава, якая нядаўна пачала працу ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”.
Наведвальнікі могуць убачыць копіі ўнікальных здымкаў, якія былі зроблены невядомым фатографам у канцы 1930-х гадоў у Пінску, дзе праходзіў Палескі кірмаш. На гэта мерапрыемства прыязджалі шматлікія майстры, каб прадставіць сваю прадукцыю. Сярод іх асблівае месца належала пружанскім ганчарам, якія славіліся вырабам чорназадымленага посуду.
Таксама на выставе можна пазнаёміцца з прыкладамі даўняй чорнай керамікі, якія захоўваюцца ў фондах музея. Значная частка ганчарных твораў – гэта посуд аднаго з самых вядомых пружанскіх ганчароў Антона Рыгоравіча Такарэўскага (1904 – 1984), якому, дарэчы, у гэтым годзе споўнілася б 120 год, і вырабамі сучасных пружанскіх керамістаў.
Выстава “Пружанская кераміка на Палескім кірмашы”, якая будзе працаваць ў “палацыку” да 23 красавіка, – гэта своеасаблівая даніна памяці выдатнаму майстру і працаўніку Антону Такарэўскаму, чыё імя праслаўляла Пружаншчыну ў ХХ стагоддзі.