Ужо больш за дзесяць год у Палацы культуры праходзіць знакавае і яркае мерапрыемства, якога чакаюць хлопчыкі і дзяўчынкі, іх бацькі і педагогі, – урачыстая цырымонія ўзнагароджання таленавітых дзяцей “Дараванне”. Прыгожае мерапрыемства, падчас якога пераможцам і прызёрам абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, алімпіяд, спаборніцтваў уручаюцца ўзнагароды Пружанскага райвыканкама, з’яўляецца своеасаблівым падвядзеннем вынікаў адыходзячага года і прыкладам і стымулам для моладзі на год надыходзячы.
27 снежня свята таленту, розуму і моцы адбылося на сцэне Палаца культуры. Маладых людзей павіншавалі з выдатнымі вынікамі ў сферы культуры, адукацыі і спорту старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч.
Прыгожыя канцэртныя нумары прадставілі лепшыя творчыя калектывы і салісты Пружанскага раённага цэнтра культуры.
У гэтым годзе прэміі “Дараванне-2024” атрымалі 275 намінантаў, з якіх 130 – прадстаўнікі ўстаноў культуры і ўстаноў адукацыі ў сферы культуры. Сярод іх найбольшую колькасць склалі вучні і дзіцячыя творчыя калектывы дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны – 77. Таксама было адзначана 18 салістаў і калектываў Пружанскага раённага цэнтра культуры, 15 – Ліноўскай, 10 – Новазасімавіцкай, 7 – Ружанскай, 2 – Шарашоўскай дзіцячых школ мастацтваў, 1 – Пружанскай цэнтралізаванай бібліятэчннай сістэмы.
Віншуем нашых таленавітых дзяцей, педагогаў, кіраўнікоў творчых калектываў!