На гэтым тыдні Пружанскі раён далучыўся да знакавага рэспубліканскага праекта “Культурная спадчына Беларусі”, у рамках якога майстрамі народнай творчасці ствараецца незвычайны мастацкі твор – вялікае пано “Карта Беларусі” з прадстаўленнем асноўных сімвалаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны кожнага рэгіёна краіны.
Ініцыятарам гэтага праекта, задачамі якога з’яўляюцца ўмацаванне адзінства народа, прыцягненне ўвагі грамадскасці да захавання традыцый народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, развіцця цікаўнасці і пазітыўных адносін да гісторыі і культурнай спадчыны Беларусі, выступіў Цэнтральны камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
Культурны праект ужо крочыць па Брэсцкай вобласці. Кожны раён абірае сабе сімвал – прыклад спадчыны рэгіёна і ўвасабляе яго на тканым палатне з дапамогай вышыўкі. У наш раён этафета ў гэтай справе перайшла ад Кобрыншчыны.
Гонар стварэння пружанскай часткі “Карты Беларусі” выпаў Людміле Міхайлаўне Яроцкай з в.Смаляніца. Яна працуе ў Навасёлкаўскім сельскім Доме культуры, папулярызуе традыцыйную беларускую культуру і перадае свае ўнікальныя веды маладому пакаленню. Людміла Міхайлаўна вядома як майстар ткацтва, вышыўкі, вязання, захавальніца мясцовай кулінарнай і песеннай спадчыны, народных звычаяў і абрадаў, удзельніца народнага аматарскага аб’яднання “Смаляначка”. Вышывальшчыца ўвасобіла на культурнай “Карце Беларусі” голуба – птушку з карціны на шкле Народнага майстра Беларусі Марыі Мікалаеўны Кулецкай. Такі выбар быў зроблены нездарма. 6 сакавіка на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь было прынята рашэнне аб наданні статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу “Традыцыйны роспіс па шкле”, які бытуе на тэрыторыі Пружанскага і Бярозаўскага раёнаў.
Пасля вышывання Л.М.Яроцкай пружанскай часткі “Культурнай карты Беларусі”, палатно з адлюстраванымі каштоўнасцямі рэгіёнаў Брэстчыны было перададзена ў Камянецкі раён, які таксама ўвасобіць свой сімвал.