Да Міжнароднага дня анімацыі, які адзначаўся 28 кастрычніка, Ліноўская сельская бібліятэка ў рамках акцыі «Бяспечныя канікулы» падрыхтавала дыска-лекцыю «Падарожжа ў краіну Мультфільм». Яе наведалі вучні 3 – 4 класаў мясцовай сярэдняй школы.
Падчас мерапрыемства рабяты даведаліся як ствараюцца мультфільмы. Яны таксама пачулі, што многія анімацыі былі зроблены на аснове выдатных казак і аповесцяў. Адкрыццём для дзяцей стала інфармацыя аб тым, што сярод мультыплікацыйных стужак ёсць такія, якія вучаць асновам бяспекі. У пацвяржэнне слоў вядучага, у ролі якога выступіла загадчык бібліятэкі Алена Антончык, дзецям былі прадэманстраваны фрагменты анімацыйных твораў.
Напрыканцы сустрэчы ў бібліятэцы хлопчыкі і дзяўчынкі адказалі на пытанні гульні-віктарыны і наведалі кніжную выставу «Перагарні старонкі – паглядзі мультфільм».