У першы вясновы тыдзень бібліятэкі засяродзілі ўвагу на розных знакавых падзеях і датах.
Новазасімавіцкая сельская бібліятэка правяла для сваіх чытачоў святочную праграму «Масленічныя забавы». Госці пазнаёміліся са звычаямі і традыцыямі народнага свята, паслухалі выступленне ансамбля баяністаў мясцовай дзіцячай школы мастацтваў і народныя песні, паўдзельнічалі ў спаборніцтвах і пачаставаліся традыцыйнымі масленічнымі прысмакамі.
У дзіцяча-юнацкі аддзел Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Засіма завіталі выхаванцы дзіцячага сада № 4, каб адправіцца ў літаратурны круіз «Чараўнік у свеце кніг жыве». Цэнтральную раённую бібліятэку наведалі вучні 9 «Б» класа сярэдняй школы № 1. Для іх прайшла гадзіна «Боская мудрасць духоўных кніг», прымеркаваная да Дня праваслаўнай кнігі. Размову падтрымаў святар храма святога благавернага князя Аляксандра Неўскага г.Пружаны Дзіянісій Папоў.
Дню праваслаўнай кнігі прысвяціла гадзіну «Кнігі, якія ратуюць душу» Мокраўская сельская бібліятэка. Малодшыя школьнікі даведаліся аб Бібліі і духоўных кнігах для дзяцей. На сустрэчу завітаў настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла в.Мокрае Аляксандр Сень.
Інфармацыйная гадзіна «Цвёрда скажам: НЕ!» да Дня барацьбы з наркаманіяй і наркабізнесам адбылася ў Ліноўскай сельскай бібліятэцы. Падлеткі абмеркавалі праблему залежнасці і неабходнасці ёй супрацьстаяць, паглядзелі відэаролікі і пазнаёміліся з кніжнай паліцай «Знаць, каб зберагчы сябе».
Прафілактычны характар меў флэш-трэніг «Наркотыкі – гульня са смерцю», які арганізавала для вучняў 8 – 11 класаў мясцовай сярэдняй школы Шарашоўская гарпасялковая бібліятэка.
Слабудская сельская бібліятэка запрасіла старшакласнікаў на праграму «Прававая азбука» да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.