Працягваецца Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі

Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі Шарашоўская гарпасялковая бібліятэка распачала святам беларускай дзіцячай кнігі “Кніга адкрывае свет”.

На мерапрыемства з кошыкам новых беларускіх кніг завітала Дзяўчына-беларуска. Яна правяла конкурс казачных герояў, гульню «Розум перамагае сілу» і віктарыну «Золата здабываюць з зямлі, а веды – з кнігі». На свята прыйшоў і Дзед Усявед з сюрпрызам ў торбе, які неабходна было разгадаць. Ён расказаў дзецям пра беларускага першадрукара Францыска Скарыну і першую кнігу на беларускай мове, а яшчэ прапанаваў разгадаць беларускія загадкі і пагуляць у гульню “Дакажы слова”. У бібліятэцы таксама адбылося пасяджэнне клуба “Лесавік”, падчас якога ўдзельнікі аматарскага аб’яднання паўдзельнічалі ў літаратурна-казачным асарці “Вандроўкі з божымі кароўкамі”. Бібліятэкары пазнаёмілі юных чытачоў з беларускімі дзіцячымі кнігамі з серыі “Казкі XXI стагоддзя”. Творы Алены Масла, Алеся Карлюкевіча, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Наталлі Бучынскай, Пятра Васючэнкі і Анатоля Бутэвіча выклікалі непадробную цікавасць у хлопчыкаў і дзяўчынак, якія з задавальненнем узялі кнігі гэтых аўтараў, каб прачытаць іх дома.

Насычаная праграма Тыдня была і ў Ліноўскай сельскай бібліятэцы. Ва ўстанову з экскурсіяй “Кніжкін дом” наведаліся выхаванцы мясцовага дзіцячага сада. Малыя даведаліся аб рабоце бібліятэкі і правілах паводзін у ёй, беражлівых адносінах да кніг. Рабяты пазнаёміліся з дзіцячымі кнігамі і выданнямі, энцыклапедыямі, а таксама кніжным фондам, каталогам, каталожнай карткай і чытальніцкім фармулярам. Экскурсія завяршылася знаёмствам з кніжнымі выставамі, якія працуюць у бібліятэцы, і віктарынай па казках. Для школьнікаў установа таксама правяла бібліятэчнае рэвю “Спазнаваючы таямніцы кніжнага свету”. На мерапрыемстве рабяты пачулі, як з’явіліся і змяняліся кнігі, а таксама пазнаёміліся з кнігай А.Сушы “Вынаходства буквара ў Беларусі”. Прысутныя праверылі свае веды ў віктарынах і паглядзелі кніжную выставу “Здравствуй, книжная неделя”.

У Ружанскай дзіцячай бібліятэцы адбылася гутарка-гульня “Мягкие лапки, а в лапках царапки”. Падчас мерапрыемства рабяты даведаліся аб відах і пародах дзікіх і хатніх катоў, аб іх характары, жыцці, узаемаадносінах з чалавекам. Хлопчыкі і дзяўчынкі таксама гулялі, спаборнічалі ў конкурсах, адгадвалі загадкі.

У Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма для вучняў аграрна-тэхнічнага каледжа прайшоў урок этыкету “Правілы талерантных адносін”. Выснова, да якой прыйшлі яго ўдзельнікі: павага да свабоды кожнага чалавека, яго думак, паводзін, рэлігійных поглядаў – галоўныя ўмовы захавання міру і згоды ў свеце.

Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі працягваецца. Узгаданыя мерапрыемствы былі таксама прымеркаваны да рэспубліканскай акцыі “Карысныя канікулы”.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий