У Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў пачала дзейнасць фотадакументальная выстава “Песні роднай зямлі”, прысвечаная зкамітаму земляку Міхаілу Іванавічу Забэйдзе-Суміцкаму – сусветна вядомаму спеваку і педагогу, папулярызатару беларускага фальклору.
Нарадзіўся Міхась 14 чэрвеня 1900 г. у Шэйпічах, пачатковую адукацыю набыў у роднай вёсцы, Зельзіне і Галоўчыцах. Тут ён палюбіў народную музыку.
У 1918 г. Забэйда-Суміцкі скончыў Маладзечненскую настаўніцкую семінарыю. Віхуры грамадзянскай вайны заняслі Міхаіла ў кітайскі Харбін, дзе знаходзілася шмат эмігрантаў з савецкай Расіі. Менавіта там ён прафесійна заняўся музыкай. З Харбінам звязана станаўленне Суміцкага як спевака. У мясцовым тэатры ён дэбютаваў у ролі Ленскага ў оперы П.Чайкоўскага “Яўген Анегін” і выканаў там больш за 15 партый. Вялікія перспектывы адкрыліся перад спеваком у 1932 г., калі ён пераехаў у Мілан на стажыроўку да славутага Ф.Карпі і стаў выступаць на сцэне Ла Скала, гастраляваў па Італіі.
Оперную кар’еру ў Польшчы Міхаіл пачаў у Познані ў 1934 г., а з 1937 г. працягнуў у Варшаве. Выступаючы на лепшых оперных сцэнах свету, Забэйда-Суміцкі заўсёды спяваў на мове арыгіналу і імкнуўся ўключаць у рэпертуар беларускія песні. У гэты час ён выпусціў грампласцінку з першымі ў Заходняй Беларусі запісамі народных песень.
Першы канцэрт Міхася на радзіме адбыўся ў 1935 г. Ружанах. У зале прысутнічала маці спевака – Аляксандра Феліксаўна Суміцкая. Для яе сын праспяваў калыханку, якую памятаў з дзяцінства. Гэты твор стаў візітнай карткай Забэйды-Суміцкага, які ён ўключаў ва ўсе канцэрты.
У 1940 г. спявак апынуўся ў Празе. У гэтым горадзе ён жыў і працаваў да канца жыцця.
Намаганнямі дзеячаў беларускай культуры ў 1963 г. адбыліся гастролі Міхаіла Іванавіча на радзіме. Па прызнанні артыста, гэта падзея стала для яго «вялікай узнагародай за ўсё тое, што прыйшлося вытрываць, несучы нашу песню ў свет».
Памёр М.Забэйда-Суміцкі 21 снежня 1981 г. і быў пахаваны на пражскіх Альшанскіх могілках.
Выстава “Песні роднай зямлі” знаёміць наведвальнікаў з творчасцю ўнікальнага чалавека і з’яўляецца яго своеасаблівым вяртаннем на радзіму. На ёй прадстаўлены здымкі, праграмы выступленняў, лісты да родных, ноты, іншыя дакументы з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Музея-сядзібы Пружанскі палацык, а таксама гучаць творы ў выканані Міхася Забэйды-Суміцкага.
Выстава “Песні роднай зямлі” будзе працаваць у Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў да канца мая 2023 г.