Памяць жыве

На працягу 2021 года на Пружаншчыне вяліся работы па добраўпарадкаванні помнікаў ваеннай гісторыі.

За кошт сродкаў мясцовага бюджэту, выдаткаваных на рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы “Увекавечанне памяці загінуўшых”, былі праведзены рамонтныя працы на памятным знаку спаленай вёскі Байкі (Ружанскі сельсавет). Гэты помнік быў устаноўлены пры дарозе Р85 дзеля захавання памяці больш за 1000 мірных мясцовых жыхароў, якія сталі ахвярамі фашысцкага рэжыму 22 студзеня 1944 года.

Доўгі час падыход да памятнага знака з боку трасы адсутнічаў. Надпісы на мемарыяльнай пліце таксама патрабавалі аднаўлення.

У кастрычніку – лістападзе бягучага года Пружанскі РКБА правёў шэраг работ на гэтым аб’екце. Былі дэмантаваны старыя кветніцы, рэшткі бетону і асфальту, выдалена расліннасць, падсыпаны пясок пад дарожку. Падыход і плошча вакол памятнага знака былі выкладзены тратуарнай пліткай. З’явілася новая памятная дошка.

Разам з брацкай магілай мірных жыхароў (пахаванне ахвяр фашызму № 4791), якая знаходзіцца на паўднёвай ускраіне сучаснай вёскі Байкі, гэты знак з’яўляецца напамінам аб жахлівых падзеях Вялікай Айчыннай вайны, якія прынеслі гора і пакуты беларускаму народу.

Памятаць аб мінулым і шанаваць спадчыну – абавязак кожнага сапраўднага патрыёта і грамадзяніна.

Добавить комментарий