22 сакавіка па ўсёй рэспубліцы прайшлі памятныя мерапремствы, прымеркаваныя на гадавіны хатынскай трагедыі. У Пружанах мітынг-рэквіем адбыўся каля помніка спаленым вёскам. Ён стаў напамінам аб жахлівых падзеях Вялікай Айчыннай вайны і мірных жыхарах – бязвінных ахвярах фашысцкага рэжыму.
Перад прыстунымі – гараджанамі, прадстаўнікамі працоўных калектываў, школьнікамі і студэнтамі – выступіў старшыня райвыканкама Юрый Юр’евіч Бісун. Ён адзначыў неабходнасць захавання памяці аб вайне і супольнай працы па захаванні міру і спакою на роднай зямлі. Пракурор раёна Аляксандр Міхайлавіч Вярбіцкі звярнуў увагу на праўдзівае адлюстраванне падзей мінулага, расказаў аб рабоце па ўстанаўленні фактаў знішчэння мірных жыхароў і генацыду беларускага народа. Успамінамі аб гаротным ваенным дзяцінстве падзялілася малалетні вязень канцлагера “Азарычы” Соф’я Сяргееўна Карпей. На мітынгу таксама прысутнічаў ветэран вайны Іван Міхайлавіч Алякумаў. Аб неабходнасці захавання міру, духоўнасці, спадчыны гаварылі ў сваіх прамовах благачынны цэркваў раёна Міхаіл Носка і ксёндз пружанскага касцёла Павел Ярашэвіч.
Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, усклалі кветкі да помніка.
Сцэнарый мерапрыемства быў падрыхтаваны Пружанскім гарадскім Палацам культуры. Вахту памяці каля помніка спаленым вёскам няслі вучні сярэдняй школы № 5.