Напярэдадні спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі», які адбыўся 6 – 8 чэрвеня 2024 года, у горадзе было праведзена шмат работ па добраўпарадкаванні і рамонце. Не быў абдзелены ўвагай і музей-сядзіба “Пружанскі палацык”, якому выпаў гонар знаходзіцца ў эпіцэнтры падзей.
Да знакавага рэспубліканскага свята спорту і культуры філіял “Брэстрэстаўрацыя” ААТ “Белрэстаўрацыя” выканаў шмат рэстаўрацыйна-будаўнічых работ, якія садзейнічалі паляпшэнню стану выдатнага помніка архітэктуры і яго знешняга і ўнутранага вобліку.
Так, вонкавыя сцены былой сядзібы Швыкоўскіх былі патынкаваны і пафарбаваны, зроблены рамонт даху, заменены вокны на першым паверсе, праведзены шэраг работ у памяшканнях музея.