26 лістапада ў Пружанскім гарадскім Палацы культуры прайшоў восеньскі інтэлектуальны турнір “Дзе логіка?”, у якім прынялі ўдзел каманды “Аднакласнікі” (Параслянская СШ), “6 звілін” (СШ № 4), “Вітамікс” (гімназія), “Teens-фармат” (Пружанскі ГДК), “Бліцкрыг” (СШ № 5), “Нязнайкі” (СШ № 1). Турнір складаўся з 7 раундаў, у якіх патрэбна было знайсці агульнае сярод выяў, убраць лішняе ці знайці недахопы на малюнку, успомніць кінастужкі, расшыфраваць прымаўкі, пазнаць вядомых людзей па дзіцячых фотаздымках.
Па выніках гульні пераможцы размеркаваліся наступным чынам: першае месца “Teens-фармат”, другое – “Бліцкрыг”, трэцяе – “Вітамікс”.
Добры настрой удзельнікам турніру падаравалі салісткі ўзорнай эстраднай студыі “Меладзін” Кацярына Падлужная і Ангеліна Гарбаценка.
А 24 лістапада ў малой зале Пружанскага гарадскога Палаца культуры адбыўся круглы стол “Аб шкодных звычках”, на які былі запрошаны вучні старэйшых класаў гарадскіх школ. Інструктар-валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Кацярына Каляда расказала рабятам аб шкодзе палення, ужывання алкагольных напояў і наркатычных сродкаў, асобна яна закранула тэму згубнага ўздзеяння электронных цыгарэт і вэйпаў. Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Віктар Клімашэвіч агучыў статыстыку правапарушэнняў, якія былі здзейснены на тэрыторыі раёна. Ён нагадаў аб адказнасці падлеткаў за ўжыванне алкагольных напояў і знаходжанне ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага і наркатычнага ап’янення і інш. Удзельнікі мерапрыемства паразважалі аб тым, што трэба рабіць, каб не стаць ахвярай шкодных звычак і весці здаровы лад жыцця.
Сярод падлеткаў было праведзена анкетаванне аб мерапрыемствах, якія цікавяць моладзь у Палацы культуры. Круглы стол быў падрыхтаваны ўзорным клубам “Teens-фармат”.