Падведзены вынікі VII раённага мастацкага конкурсу імя Алены Лось

У сакавіку – маі 2025 года Пружанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Міколы Засіма ў сёмы раз праводзіла раённы мастацкі конкурс імя Алены Лось. У гэтым годзе творчае спаборніцтва было прысвечана 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і мела тэму «Шчасце жыць у мірнай краіне».

У конкурсе прынялі ўдзел 40 дзяцей (41 праца) – вучняў сярэдніх школ і устаноў дадатковай адукацыі. Найбольш на конкурс сваіх твораў прадставілі вучні дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны –  21 праца, а таксама школы малюнка “Талент” г.Пружаны – 8, узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Шклінка-маляванка” Пружанскага раённага цэнтра культуры – 5, Шарашоўскай дзіцячай школы мастацтваў і сярэдняй школы № 1 г.Пружаны – па 3, Ружанскага шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю – 1.

У канцы мая журы вызначыла пераможцаў і прызёраў:

ва ўзроставай катэгорыі 7 – 10 гадоў: 1-е месца – Вікторыя Гардзейка (дзіцячая школа мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны), 2-е – Аліса Корж і 3-е – Ганна Сухарэвіч (узорная студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Шклінка-маляванка”);

ва ўзроставай катэгорыі 11 – 13 гадоў: 1-е месца – Аліса Сяргейчык і 2-е – Вера Зялевіч (дзіцячая школа мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны), 3-е – Арыядна Дульчэўская (Шарашоўская дзіцячая школа мастацтваў);

ва ўзроставай катэгорыі 14 – 16 гадоў: 1-е месца – Герман Грэцкі, 2-е – Арына Цёхан і 3-е – Яўгенія Амяльянец (дзіцячая школа мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны).

Узнагароджанне рабят адбылося 1 чэрвеня ў гарадскім парку на традыцыйным раённым фестывалі дзіцячай творчасці “Лесвіца поспеху”, прысвечаным Міжнароднаму дню абароны дзяцей. Пераможцы атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі. Усе жадаючыя пазнаёміліся з працамі юных мастакоў Пружаншчыны на выставе ў парку.

Фінансавую падтрымку ў правядзенні конкурсу аказалі аддзел культуры Пружанскага райвыканкама, раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь» і «Беларускі саюз жанчын».

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий