Падчас вясенніх канікул вучні шэрагу школ Пружанскага раёна наведалі гарадскі кінатэатр “Спадарожнік”. Яны не толькі паглядзелі разнастайныя стужкі ў кіназалах, але і паўдзельнічалі ў іншых цікавых справах.
Работнікі кінатэатра падрыхтавалі для хлопчыкаў і дзяўчынак розныя перадсеансавыя мерапрыемствы: кінавіктарыны, конкурсы, праграмы. Іх абавязковым удзельнікам стаў адзін з любімых мультыплікацыйных персанажаў рабят – Міньён. Менавіта ён адзначаў самых актыўных наведвальнікаў кінатэатра, уручаў ім салодкія падарункі і “медалі”, а таксама фатаграфаваўся з усімі жадаючымі.