Навіны рэлігійнага жыцця Пружаншчыны

28 кастрычніка 2021 года ў храме ў гонар іконы Прасвятой Багародзіцы “Спарыцельніца хлябоў” ў аграгарадку Харава адзначалася прастольнае свята. Хараўскі храм – адзін з самых маладых у раёне. Менавіта ў гэты дзень у 2018 годзе ён адчыніў свае дзверы для вернікаў. Разам з прыхаджанамі ў святочных мерапрыемствах удзельнічаў вакальны гурт “Раніца” Рудніцкага сельскага клуба-бібліятэкі, які выканаў духоўныя песні.

14 кастрычніка таксама адзначалася асаблівае свята ў храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Гарадзечна. Гэта царква з’явілася ў 1825 годзе і зведала на сваім вяку як росквіт, так і занядбанне. У бягучым годзе прыхаджане адзначылі 30-гадовы юбілей з часу аднаўлення і новага асвячэння царквы, якая з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь.

30 кастрычніка прайшло асвячэнне праваслаўнага крыжа, які быў устаноўлены каля аўтадарогі Р 85 паміж вёскай Дабучын і аграгарадком Калядзічы.

2 лістапада адбылася яшчэ адна знакавая падзея – была падпісана Праграма супрацоўніцтва паміж райвыканкамам і Пружанскім благачыннем Брэсцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы да 2025 года, якая прадугледжвае ўзаемадзеянне ў розных сферах.

11 кастрычніка 2021 года ў праграме “Святыні Беларусі” выйшаў рэпартаж аб гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь – Троіцкім касцёле у Ружанах.

У вернікаў каталіцкай канфесіі 1 лістапада праходзілі ўрачыстасці з нагоды свята Усіх Святых. Напярэдадні і ў гэты дзень каталікі наведалі касцёлы і могілкі, каб разам памаліцца і ўспомніць сваіх памерлых продкаў і блізкіх людзей.

Добавить комментарий