Бібліятэкары не толькі праводзяць шмат мерапрыемстваў асветнага характару, але і самі вучацца.
Так, нядаўна Пружанская цэнтральная рённая бібліятэка імя М.Засіма правяла для бібліятэкараў раённай сістэмы літаратурны семінар “Людміла Рублеўская і Віктар Шніп. Творчы дуэт”. Мерапрыемства было прысвечана сучасным беларускім пісьменнікам. Прысутныя бліжэй пазнаёміліся з іх дзейнасцю і паўдзельнічалі ў on-line-сустрэчы з літаратарамі.
Таксама ў раённай бібліятэцы для вучняў 10 – 11 класаў гімназіі прайшла прававая размова «Кожны мае права быць розным», прысвечаная Міжнароднаму дню інвалідаў. Да того ж рабяты пазнаёміліся з выставай творчых работ наведвальнікаў аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
У Ліноўскай сельскай бібліятэцы ў мінулую нядзелю прайшла духоўна-паэтычная вечарына «Бясцэнны дар душы і слова: Міхаіл Баброўскі», прысвечаная 240-годдзю вядомай асобы мінулага. Падчас сустрэчы чытачы даведаліся аб жыццёвым і творчым шляху, “шарашоўскім” перыядзе дзейнасці выдатнай асобы. У вечарыне прыняў удзел настаяцель аранчыцкага храма Узвіжання Крыжа Гасподняга Аляксандр Мялешка. Таксама бібліятэка прапанавала знаёмства з кніжнай паліцай “Першы беларускі скарыназнаўца”.
Юныя чытачы Ружанскай гарпасялковай бібліятэкі наведалі літаратурную гасцёўню “У імя дабра і справядлівасці”. Яны пачулі аповед аб жыцці і творчасці вядомага беларускага пісьменніка Міхася Лынькова, адказалі на пытанні віктарыны па апавяданнях майстра слова. Для сталых наведвальнікаў гарпасялковая бібліятэка прапанавала інтэлектуальную гульню “Мая Берасцейшчына”, прымеркаваную да 85-годдзя ўтварэння Брэсцкай вобласці.
Новазасімавіцкая сельская бібліятэка да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам правяла пазнавальны квіз “Ведаць, каб жыць”, у якім прынялі ўдзел вучні 10 класа Параслянскай сярэдняй школы.