Пад такой назвай напярэдадні Дня работнікаў культуры ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” пачала працаваць выстава маладой мастачкі Лідзіі Малашанка (г.Мінск).
Яна – мастак, сцэнограф, мастак па касцюмах, пластычны грымёр, выкладчык, куратар. Да таго ж Лідзія займаецца саломапляценнем, кераміка-скульптурай, папяровай пластыкай, батыкам, фларыстыкай.
Л.Малашанка закончыла Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці “графічны дызайн”, Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “жывапіс (тэатральна-дэкарацыйны)” і магістратуру ўстановы. Сёння яна працуе мастаком-пастаноўшчыкам Новага драматычнага тэатра г.Мінск, выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2018 года – сябра Беларускага саюза мастакоў.
За сваю кар’еру Лідзія Малашанка паставіла больш за 30 праектаў у тэатры, кіно, рэкламе. У творчым багажы мастачкі – пастаноўкі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага (г.Мінск), Новым драматычным тэатры, Тэатры-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, Карагандзінскім акадэмічным тэатры музычнай камедыі (Казахстан). Сярод яе пастановак у тэатры – “Мікітаў лапаць” М.Чарота, “Дзяды” А.Міцкевіча, “Дзень” С.Мрожака, у кіно – кароткаметражная стужка “Рыба маіх дзён”, фільм у жанры фэнтазі “Неруш” і інш.
Лідзія ўдзельнічала ў шматлікіх выставах. У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” на выставе “Нарысы наваколля” прадстаўлена 47 работ Л.Малашанка ў тэхніцы алейнага жывапісу. У мастацкіх працах аўтар дзеліцца з гледачом уражаннямі ад падарожжаў па Ісландыі, Іспаніі, Чэхіі, Латвіі, Балгарыі, Турцыі, Грэцыі і інш. Натхненне, памкненні, надзеі і фарбы ярка праяўляюцца ў яе палотнах, раскрываючы жывы, складаны і супярэчлівы свет.
Выстава работ Лідзіі Малашанка ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” будзе працаваць на працягу кастрычніка – снежня 2022 года.