Кіраўнік – Пропер Юлія Віктараўна
Год стварэння – 1982
Год прысваення звання – 1992
Станаўленне хора пачалося з 1982 г. у перыяд падрыхтоўкі святкавання 40-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Таццяна Мікалаеўна Місса, першы мастацкі кіраўнік хору, асабіста наведала многіх ветеранаў вайны, якія пражывалі ў горадзе і наваколлі, і запрасіла іх прыняць удзел у рабоце новага калектыву. На першы занятак прыйшло толькі 11 чалавек, на другі – 15. Паступова колькасць хору расла і на святкаванні 40-годдзя Перамогі ў 1985 г. выступіў калектыў, які складаўся з 31 удзельніка. Затым іх стала 44. Канцэртмайстарам хору з’яўлялася Ганна Іванаўна Траянава.
З натхнённым тварам, з баявымі ўзнагародамі на грудзях, прайшоўшы нялёгкі, але слаўны працоўны і баявы шлях, з юнацкай энергіяй і нестарэючым сэрцам, ветэраны выконвалі песні аб Радзіме, жыцці і Вялікай Айчыннай вайне.
Калектыў хору, дзякуючы вялікай творчай працы, заслужыў прызнанне слухачоў. Ён быў жаданым госцем не толькі на раённых і абласных канцэртах, але і ў Польскай Народнай Рэспубліцы.
У жніўні 1988 г. новым кіраўніком хору ветэранаў стала Валянціна Антонаўна Каробка. Пры хоры яна стварыла акампаніруючую групу, у складзе якой музыканты выконвалі партыі на баяне, домры, кантрабасе, ударных інструментах.
Хор працягваў весці актыўную канцэртную дзейнасць. Прымаў удзел у розных раённых і абласных фестывалях, конкурсах і канцэртах на Пружаншчыне і Брэстчыне, ладзіў творчыя сустрэчы з аналагічнымі харавымі калектывамі вобласці, Польшчы і Украіны.
1992 г. стаў знакавым для хора, які атрымаў званне “народны”.
Калектыў пад кіраўніцтвам В.А.Каробка шмат разоў станавіўся лаўрэатам і пераможцам абласнога фестывалю “Неспакойныя сэрцы”, у 2000 г. удзельнічаў у заключным канцэрце рэспубліканскага агладу-конкрсу у г.Мінск і выступаў на сцэне Дзяржаўнай філармоніі.
У 2009 – 2020 гг. кіраўніком народнага хору “Чырвоны гваздзік” з’яўлялася Святлана Аляксандраўна Машкала. Акампаніятарамі былі Вольга Краўчук і Ірына Гарустовіч.
Сёння народны хор «Чырвоны гваздзік» аб’ядноўвае людзей «залатога» ўзросту, улюбёных у песню, актыўных і неабыякавых да жыцця. Творчы ўзлёт, аптымізм і прага жыцця – крэда калектыву.
У рэпертуары хору больш за 40 песень аб каханні, Радзіме, прыродзе, працы і жыцці.
Харавы калектыў з’яўляецца носьбітам і захавальнікам патрыятычнай спадчыны ваенных часоў і песень савецкага перыяду. Удзельнікі хору далучаюцца да творча-выхаваўчай работы, наведваюць школы, сацыяльныя цэнтры, удзельнічаюць ў вечарынах адпачынку ветэранскіх клубаў раёна, на юбілейных святах землякоў, мастацкіх пленэрах і выставах. Народны хор ветэранаў вайны і працы “Чырвоны гваздзік” – жаданы госць на розных святах у горадзе, раёне, вобласці. Хор спявае на вячорках, народных святах, канцэртах-віншаваннях на даму, літаратурных вечарынах у бібліятэках.
Народны хор ветэранаў вайны і працы «Чырвоны гваздзік» – уладальнік Гран-пры рэгіянальнага свята-конкурса вакальна-харавога мастацтва “Пеўчае поле” (г.Пружаны), дыпламант ІІ-й ступені абласнога тура Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці “Не старэюць душой ветэраны” (г.Брэст).